Хакеры выставілі на аўкцыён інфармацыю нібыта з гаджэтаў Мядзведзева
Прадаўцом матэрыялу з'яўляецца група "Ананімны інтэрнацыянал", таксама вядомая пад назвай Shaltay Boltay.
Хакеры выставілі на аўкцыён, як яны сцвярджаюць, копію інфармацыі з гаджэтаў прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Лот размешчаны на партале Exchange of Information, паведамляе РБК. Аўкцыён будзе працягвацца з 9 па 23 лютага 2015 года.
Прадаўцом інфармацыі стала група "Ананімны інтэрнацыянал", таксама вядомая пад назвай Shaltay Boltay. Яны сцвярджаюць, што ў склад лота ўваходзіць інфармацыя з трох прыладаў Мядзведзева, якія знаходзіліся ў iCloud. Файлы маюць некалькі тысяч SMS-паведамленняў, фатаграфіі і відэа, зробленыя самім прэм'ерам, гісторыю тэлефанаванняў, кантакты тэлефоннай кнігі, інфармацыю Skype, ды іншыя звесткі. Агульны памер файлаў складае больш за 1 Гб. Паведамляецца, што інфармацыя з гаджэтаў расійскага прэм'ера была загружаная па стане на жнівень 2014 года.
Пачатковы кошт лота складае 100 біткоінаў (каля 22 тысяч долараў), кошт аднаразовага выкупу — 500 біткоінаў (каля 110 тысяч долараў).
Дарэчы, раней Shaltay Boltay выставіў за 150 біткоінаў (каля 35 тысяч долараў) на продаж перапіску Наталлі Цімаковай — прэс-сакратара Дзмітрыя Мядзведзева.
Фота — therunet.com