Хілары Клінтан уручыць Насце Палажанцы прэмію "За мужнасць"

Упершыню ў гісторыі прэміі "За мужнасць", якая існуе з 2007 года, і за час існаваньня якой было ўзнагароджана 38 жанчын, прэмію будуць уручаць беларусцы — 20-гадовай намесніцы старшыні “Маладога Фронту” Насце Палажанцы, паведамляе сайт mfront.net.

Уручэньне прэміі адбудзецца ў Міжнародны жаночы дзень у прысутнасьці многіх высокіх чыноўнікаў ЗША і з удзелам адмысловага госця — першай ледзі Злучаных Штатаў Мішэль Абамы.

На жаль, з-за падпіскі пра нявыязд Наста Палажанка не зможа прысутнічаць у Вашынгтоне асабіста. Прэмія будзе перададзеная ў Мінск і ўручаная ёй ва ўрачыстай абстаноўцы. Пра дату і час цырымоніі ў Мінску будзе паведамлена пазней. У Вашынгтоне ж публічна зачытаюць прамову Насты Палажанкі.

“Я з вялікім здзіўленьнем дазналася пра гэтую прэмію. Калі я ўсвядоміла сам факт узроўню дадзенай узнагароды, канешне, я была ўсцешаная. Усцешаная, ў першую чаргу, не ўвагаю да сваёй асобы, а ўвагаю да нашай сітуацыі і праблемы. Бо падобная прэмія мне — гэта ўзнагарода для кожнага маладафронтаўца, для кожнага хлопца ці дзяўчыны, якія мараць жыць у свабоднай, дабраслаўлёнай Богам Беларусі і ахвяруюць сабою дзеля гэтага”, — кажа Наста Палажанка.

Акрамя Насты Палажанкі, прэміяй за мужнасць сёлета будуць узнагароджаныя прэзыдэнт Кыргызтана Роза Атунбаева, камерунская журналістка Генрыета Эквэ Эбонга, Марысэла Маралес Ілбанэз — намесніца генеральнага пракурора па расследваннях арганізаванай злачыннасці (Мексіка) — і іншыя вартыя жанчыны свету.

Дарэчы, Наста Палажанка — не адзіная намінантка прэміі, якая не здолее прыехаць на цырымонію ў ЗША. У журналісткі Ёані Санчэз з Кубы гэтаксама не атрымаецца наведаць Вашынгтон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі