"Хлопец сядзеў з прабітай галавой, а хуткую не выклікалі"

Аляксандр, які адсядзеў у жодзінскім ізалятары 10 сутак, распавёў Еўрарадыё пра ўмовы зняволення, турэмную кухню, а таксама пра прыхільнікаў Лукашэнкі і нават снягурку, якія таксама трапілі ў СІЗА.

Еўрарадыё: Што адбывалася да прыезду ў ізалятар? Ты бачыў моцна пабітых людзей?

Аляксандр
: У аўтазаку было каля 40 чалавек, усім месцаў для сядзення не хапала. Людзі былі розных узростаў – ад 16 гадоў да 58. Мабільныя тэлефоны яшчэ не забралі, некаторыя тэлефанавалі, адна жанчына на радыё перадала нашы прозвішчы.

Адзін чалавек сядзеў на прыступках з яўна прабітай галавой. Ён можа быў прытомны, але ні на што не рэагаваў. Усе патрабавалі яму хуткай дапамогі, але яе так і не было.

Спярша мы не ведалі куды нас вязуць. Першае што пачалі прасіць – у туалет, і вады папіць. Праз 2-3 гадзіны пачалі па адным пускаць у туалет. Трохі давалі снег піць. 

Еўрарадыё: Што адбывалася ў ізалятары?

Аляксандр: Нас прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там мы вельмі доўга стаялі тварам да сцяны. На ўсіх склалі пратаколы, гэта заняло 5-6 гадзін. Нас павялі на другі паверх, там ва ўсіх “адкаталі” пальцы, знялі кожнага на відэа, пасля зноў спусцілі на ніз. Пасля нас доўга сартавалі, я асабіста змяніў 4 розныя машыны. Дзеянні супрацоўнікаў спецназа былі неадэкватныя. У машыне нам сказалі сесці на падлогу...

Еўрарадыё: Пасля судовых працэсаў, куды вас павезлі?

Аляксандр: Па дарозе на Жодзіна, яны відаць вырашылі вызваліць некалькі машын. І так у адной машыне не было месца, а яны вырашылі з трох змясціць у адну. І тады супрацоўнікі спецназа зрабілі такі “хітрык”: яны адпіхнулі людзей у канец машыны, а потым разганяліся і плячыма прэсавалі ўсё новых і новых людзей, яхідна ўсміхаючыся. Казалі: "Вы едзеце ў турму, да сапраўдных зэкаў", і іншыя фразы, брудна лаяліся. Пасля пачалі гуляць у так званае "армейскае даміно": называлі 20 чалавек, якія павінны былі бліжэй да ўваходу пасунуцца, рукі за спіну, тварам да сцяны, галаву ўніз...

Еўрарадыё: Першыя ўражанні ад ізалятара?

Аляксандр: Спярша нас каля 30 чалавек размясцілі ў 8-мясцовую камеру. Усе пачалі прагна піць ваду, бо ваду ж не давалі! Адзін толькі амапавец добры снегу прынёс, а яшчэ нехта – Швэпса!

Мы ўжо падумалі, што так і правядзем увесь час. Нехта заснуў на гадзіну на падлозе, хто на ложках двухярусных. Але пасля нас размеркавалі па камерах. Далі так званую бялізну і матрац набіты шкуркамі зайцавымі. Ён выглядаў нават не на 10 альбо 20 гадоў, а на 40-50. Праўда, сярод нас быў паляўнічы, ён сказаў, што якраз у зайцы не вядуцца блохі і клапы. Далі бела-шэрыя прасціны, падушкі, вафельны ручнік.

Еўрарадыё: Хто быў з табой у камеры?


Аляксандр: У маёй камеры было 8 чалавек. Скажу, што калі мы ў камеры атрымалі газету са спісам затрыманых, то толькі трое знайшлі свае прозвішчы. Кажуць жа, што 600 затрыманых, але пецярых там не было! У маёй камеры з 8 чалавек, здаецца, у трох толькі не было вышэйшай адукацыі, яны былі студэнты. Усе астатнія – з вышэйшай адукацыяй! Гэта ж не была "куча адмарозкаў"!

Дык і не ўсе былі на плошчы! У камеры быў чалавек, які за півам выйшаў! Казаў, што галасаваў за Лукашэнку, што яму не трэба мітынгі ніякія. Скажу шчыра, сваю думку ён вельмі хутка змяніў. І не таму, што быў нейкі ціск сакамернікаў.

Пазней, калі камеры ператусавалі, і да мяне прывялі людзей з іншых камер, я пачуў усё новыя гісторыі. Хтосьці святкаваў на Нямізе дзень нараджэння, выйшлі пакурыць. Імянінніку далі 15 сутак, двум сябрам – па 10. Адзін чалавек чакаў таксі проста, дырэктар лагістычнай кампаніі, ён усё хваляваўся, як там яго бізнэс без яго. Адзін ішоў з нотамі з філармоніі, хтосьці з крамы ішоў з яйкамі, хлебам і алеем, другі – з памытай бялізнай у заплечніку.

Узялі жанчыну, якая працуе снягуркай на новым годзе. Памятаю, у ізалятары на Акрэсціна яна казала: што ж вы са мной робіце, мне выступаць заўтра! Пасля я краем вуха пачуў ад ахоўнікаў, што ёй у парадку выключэння дазволілі перадаць на волю з сваіх рэчаў касцюм зорніка. Відаць, ішла з касцюмамі проста.

Еўрарадыё: Як да вас ставіліся супрацоўнікі жодзінскага ізалятара?


Аляксандр: Афіцэры нармальна, сяржанты – як хто. Канваіры разумелі, як і за што нас затрымалі, мы ж не кралі, не грамілі, не ламалі. Мы ж не "кучка адмарозкаў, што грамілі ўсё па сваёй дарозе". 

Яшчэ нашу камеру незразумела чаму на дзень перавезлі ў жодзінскі ІЧУ, дзе мы сядзелі з сапраўднымі зэкамі. Калі ехалі туды, то было страшна, што можа хочуць нешта "прышыць". Напэўна, не хапала месца ў СІЗА, дык адміністрацыя дамовіліся, і нас туды-сюды вазілі. Там, у ІЧУ, сядзяць да трох сутак да прад'яўлення абвінавачання. Я асабіста сядзеў у камеры з яшчэ чатырма чалавекамі, трое з "плошчы" і дзядок – аматар чужых мабільных тэлефонаў. З ім праблем не было. А вось у астатніх былі пэўныя, бо яны сядзелі з больш мацёрымі. Калі ў газэлі з тымі зэкамі ехалі, то яны песні спявалі, смяяліся, адхін крычаў, што на судзе яму 14 гадоў запрасілі. Яны крычалі: Здравствуй, чёрный бусел!

Калі мы з СІЗА туды прыехалі, то там адносіны іншыя: нам сказалі, што вы рукі за спінай трымаеце? Вы ж не зняволеныя, нармальныя людзі!

Еўрарадыё: Іншы вызвалены з жодзінскага СІЗА казаў, што кожнага дапытвалі супрацоўнікі КДБ..


Аляксандр
: Так, дапытвалі, але можа не ўсіх менавіта супрацоўнікі КДБ. Мяне дапытвалі на 9-ы дзень, у душы СІЗА, бо, напэўна, не было іншага вольнага памяшкання. Следчы друкаваў на машынцы, паралельна дапытвалі іншага. Спіс пытанняў, штук 30, быў стандартны: адкуль даведаліся пра плошчу, ці быў перакрыты праспект, ці ведаеце лідараў апазіцыі, каго з іх ведаеце асабіста, ці чулі заклікі міліцыі спыніць беспарадкі.

Еўрарадыё: Іншыя вызваленыя казалі таксама, што пасля гэтых допытаў частку людзей з ізалятара звозілі ў невядомым кірунку..


Аляксандр
: На другі дзень "адсідкі" прыйшлі ў камеру да аднаго хлопца, які проста моўчкі сядзеў, сказалі яму: з рэчамі на выхад. Куды ён паехаў – не ведаю.

Еўрарадыё: Раскажы пра турэмную ежу
.

Аляксандр: Ніколі не забуду першую ежу –спярша далі толькі хлеб і ваду. Думаў, на гэтым і ўсё! (смяецца) Але не – пачалі даваць ежу! Ежа вельмі карысная! (смяецца). Без солі, без нічога. Кашка такая незразумелая, суп з капусты, такі самы суп але без вады – на вячэру. Першы час мы яе ў унітаз злівалі, пазней – проста не бралі.

Вельмі дзіўныя макароны па-флоцку, відаць іх вараць вельмі доўга, бо толькі на смак разабраць, што гэта – макароны. А так – проста маса. Але з тушанкай! Хлеб быў вельмі дзіўны, відаць, у іх там свая пякарня ёсць. Бо ніколі не бачыў адначасова недапечаны і зачарсцвелы хлеб. Тым часам было вельмі шмат пасылак ад сяброў, сваякоў, анёлаў – дзякуй ім за гэта! Праўда, ежу не прапускалі, але толькі некаторыя рэчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі