Хто і для чаго набывае долары ў абменніках?
Людзі бягуць да банкаў, як толькі курс скача ўверх. Пенсіянеры набываюць па 50-100 долараў, супрацоўнікі банкаў — хаця б па 10.
Мужчына, які стаіць перада мной у чарзе да касы “Белаграпрамбанка”, кладзе на дэпазіт 236 мільёнаў рублёў. Я, хто прыйшоў у банк здаць свае сціплыя 100 долараў, дзіўлюся яго смеласці. А літаральна на наступны дзень дзіўлюся статыстыцы Нацбанка, паводле якой у верасні беларусы набылі на 330 мільёнаў долараў больш, чым прадалі.
Няўжо ў абменніках сапраўды ажыятаж? Крыніца ў адным з камерцыйных банкаў адказвае Еўрарадыё, што надзвычайнага попыту на валюту не назіраецца.
“Попыт мы назіраем заўсёды. І два тыдні таму, і тры, і месяц, і два месяцы, і паўгода”.
У іншым банку кажуць, што па валюту ідуць хвалямі і ўсё залежыць ад скачкоў курса:
“Яно наплывамі ідзе. Калі курс крыху скокне, адразу ідуць і набываюць. Калі крыху на месцы ці слабее — здаюць. Няма такой тэндэнцыі, каб увесь час хадзілі і куплялі”.
У адным з вялікіх аддзяленняў “Беларусбанка” Еўрарадыё супакойваюць: валюты хапае.
“У нас калі чалавеку трэба, ён бярэ столькі, колькі хоча. Часам набываюць — і адразу ж кладуць на дэпазіт. Толькі такія варыянты. У нас такога няма, каб ажыятаж нейкі”.
Кажуць, ёсць і такія, хто набывае адразу па тысячы долараў. Але з большага валюту бяруць па дробязі:
“Як звычайна, набываюць на нейкія пакупкі, для разлікаў. На падарунак, напрыклад”.
Не грэбуюць самымі дробнымі порцыямі валюты і самі супрацоўнікі банкаўскіх аддзяленняў:
“Я, можа, магу 10 долараў сёння набыць. А больш не магу набыць. Але ж гэта не кажа, што я іх запіхваю ў панчоху. Проста набываеш і ўсё!”
Рэгулярна набываюць долары ў беларускіх банках… пенсіянеры! Замежнай валютай яны разжываюцца адразу ж, як атрымліваюць пенсію. Не адыходзячы ад касы:
“На палову долары набываюць. Палову на ўклад у беларускіх рублях пераводзяць. Палову за камунальныя паслугі. Але гэта назіралася і да сённяшняй сітуацыі”.
У банках кажуць, што пенсіянеры набываюць долары часта, але няшмат.
“У нас пенсіянеры для чаго валюту набываюць? Збіраюць проста. Каб пахавалі іх! Вось проста пра запас бярэ, але ж не многа: 50, ну самае большае — 100 долараў”.
У банках падкрэсліваюць, што рублёвыя ўнёскі застаюцца вельмі выгаднымі. Каб выйсці ў плюс па рублёвым дэпазіце пад 46% гадавых, долар мусіць падаражэць за месяц не больш чым на 350 рублёў. А пакуль што долар даражэе на 100 рублёў за месяц. Супрацоўнікі банкаў прызнаюць, што смельчакі добра рызыкуюць:
“У каго ляжалі беларускія, ніхто іх асабліва і не забіраў. Хто трымаў на рублях, той і трымае. Але не скажу і што ў каго ляжала валюта, тыя пераводзяць у рублі. Нехта рызыкуе, каб зарабіць, а нехта хоча захаваць”.
Фота: www.belarus.by.