Хто распрацоўвае закон аб прэзідэнцкай памежнай пошліне?

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, каму кіраўнік краіны "даўно" даў такое даручэнне.

Калі гэта будзе пошліна, то лагічна, што распрацоўкай нейкага законапраекта будуць займацца мытнікі. У інфармацыйным аддзеле Мытнага камітэту гавораць, што такой інфармацыі не маюць. У прававым аддзеле таксама не атрымоўвалі ніякіх падобных даручэнняў. Але тут прызнаюць, што, магчыма, гэтым займаецца нейкі іншы аддзел.

Не паступала пакуль ніякіх даручэнняў і памежнікам, — пра гэта Еўрарадыё расказваюць у прэс-цэнтры Памежнага камітэта.

Распрацаваць дакумент, які можа ўвесці збор за перасячэнне мяжы, маглі даручыць Саўміну. Але і прэс-службе Саўміна пра гэта нічога не вядома.

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў — гэта дзяржаўная ўстанова, якая забяспечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў. Калі нешта рыхтуецца, то тут дакладна мусяць ведаць. Але, як паведамілі Еўрарадыё, даручэння распрацаваць нейкі законапраект, які ўводзіць плату за перасячэнне мяжы грамадзянамі, тут таксама не атрымлівалі.

Эканаміст Леанід Заіка і юрыст Міхаіл Пастухоў выказвалі ў размове з Еўрарадыё меркаванне, што словы Аляксандра Лукашэнкі носяць чыста эмацыйны характар і гэта толькі рэакцыя на складаную сітуацыю. Акадэмік Пётр Нікіценка кажа, што "да гэтай заявы трэба ставіцца як да таго, што ёсць праблема і пастаўлена пытанне".

Еўрарадыё ўзгадвае, якія яшчэ "эмацыйныя" заявы прывялі да ўвядзення рэальных мер.

21 снежня 2012 года на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі БДУІР кіраўнік краіны сказаў пра канфіскацыю аўтамабіляў у п'яных кіроўцаў:

"Я прыхільнік таго, каб у такіх выпадках аўтамабілі канфіскоўвалі, а кіроўцу адправілі гадоў на 15-25 у месцы не гэтак аддаленыя... Давайце разам вызначымся, у бліжэйшы час мне ўнясуць прапановы, але я прыхільнік самага жорсткага пакарання за забойства пры кіраванні аўтамабілем п'яным. Якое? У бліжэйшы час прымем рашэнне ".

...і 12 ліпеня 2013 года ў Крымінальны і Адміністратыўны кодэксы Беларусі ўнеслі адпаведныя змены.

3 лістапада 2004 года на паседжанні па развіцці "Славянскага базара" прэзідэнт гаворыць пра 75% беларускай музыкі:

"У вячэрні час, калі ўвесь народ у аўтамабілях едзе, слухае, павінен транслявацца менавіта наш прадукт, нашых людзей. Пугачову мы чуем з кожнага праса. Я не кажу, што яе там не павінна быць. Вось 25 адсоткаў застаецца для іншых".

...і абавязковы працэнт беларускай музыкі ў эфірах радыёстанцый павялічылі з 50 да 75.

У забарону выязджаць за мяжу на сваёй машыне часцей чым раз на тыдзень і ў інтэрнэт па пашпарце ніхто спачатку не мог паверыць...

Фота: www.air-tours.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі