Збор за перасячэнне мяжы з краінамі ЕС вярнула і Гродзенская вобласць
На беларуска-польскай мяжы
Збор за перасячэнне мяжы з краінамі ЕС транспартнымі сродкамі вярнула і Гродзенская вобласць. Ён пачне дзейнічаць з 1 лютага і складзе 42 рублі (адну базавую велічыню). Адпаведнае рашэнне яшчэ ў канцы 2024 года прыняў Гродзенскі абласны савет дэпутатаў. У аўторак дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ.
Днямі стала вядома, што збор вярнулі Віцебская і Брэсцкая вобласці. У адрозненне ад мінулага года, цяпер рашэнні бестэрміновыя, яны будуць дзейнічаць да адмены.
Мясцовы збор за перасячэнне мяжы транспартнымі сродкамі пры выездзе з краіны ў Беларусі ўвялі ў 2021 годзе. Яго ўвядзенне тады тлумачылі барацьбой з каранавірусам, але пасля адмяняць не сталі. Паколькі збор мясцовы, грошы ідуць у абласны бюджэт.
Збор часова адмяняўся з 1 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.