Хто такі Уладзімір Кондрусь, якога судзяць за "Плошчу-2010"
У судзе Маскоўскага раёна сталіцы судзяць Уладзіміра Кондруся за "масавыя беспарадкі", якія адбыліся пасля выбараў прэзідэнта 2010 года. На самым пачатку ён у знак пратэсту лёг у клетцы на падлогу, а потым парэзаў сабе вены. З залы ўсіх выгналі, выклікалі хуткую. Хто ўвогуле такі Уладзімір Кондрусь і чаму яго судзяць цяпер за падзеі 2010 года?
Чаму яго судзяць за "масавыя беспарадкі" 2010 года толькі цяпер?
Журналісты газеты "Наша Ніва" ўбачылі Уладзіміра Кондруся на фота з "Дня Волі" 2016 года. Ён быў апрануты ў тую ж вопратку ў якой быў на акцыі 19 снежня 2010 года. Усе вырашылі, што ён правакатар у своеасаблівай "уніформе", які маскіруецца пад мітынгоўца. Праз некаторы час пасля публікацый у СМІ 14 чэрвеня 2016 года яго затрымалі за ўдзел у акцыі 2010 года.
Дык ён правакатар?
На здымку 2010 года ён сапраўды б’е шкло кавалкам вадасцёкавай трубы. Але высветлілася, што ён ніякі не правакатар і не агент спецслужб, а актывіст з Рудзенска. Падчас той акцыі некаторыя людзі сапраўды паддаліся на правакацыю і далучыліся да штруму ўвахода ў Дом урада. Кондрусь апынуўся сярод іх. Але пасля акцыі сілавікі яго не ідэнтыфікавалі і ў яго атрымалася пазбегнуць суда.
Чым ён увогуле займаўся?
Яго сябры кажуць, што Кондрусь скончыў рудзенскую сярэднюю школу №1 са срэбраным медалём. Потым атрымаў дыплом БДЭУ, пасля працаваў у Маскве. Старонку у сацсетках вёў толькі ў Аднакласніках. Яму 38 гадоў, жонкі і дзяцей няма. Жыў у Рудзенску. Чыноўніца з мясцовага сельвыканкама распавядала Еўрарадыё, што ў студэнцкія часы "пайшлі размовы, што Валодзя стаў нефармалам, бэнээфаўцам, раскідваў нейкія лістоўкі".
Прайшло больш за пяць гадоў, тэрмін даўнасці не мінуў?
Справа ў тым, што Кондруся судзяць за масавыя беспарадкі, а тэрміна даўнасці па гэтым артыкуле няма.
Яго прызналі палітвязнем?
Так, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Яны лічаць, што акцыя 19 снежня 2010 года насіла мірны характар, таму дзеянні Кондруся не могуць кваліфікавацца, як удзел у масавых беспарадках, а тэрмін даўнасці па іншых артыкулах, па якіх можна кваліфікаваць яго дзеянні, даўно мінуў. Таму праваабаронцы лічаць, яго пераслед палітычна матываваны.
Кажуць, што ён спрабаваў парэзаць вены ў судзе, што будзе далей?
Цяпер яго накіруюць на судовую-псіхіятрычную экспертызу, якая будзе цягнуцца адзін месяц.