Хто вінаваты ў ахвярах жахлівага выбуху ў цэнтры Харкава? Здаецца, мы ведаем
Плошча Харкава пасля выбуху ракеты / Національна поліція України
Хрыста Грозеў, кіраўнік расследавальніцкага выдання Bellingcat, сцвярджае, што ракета, якая трапіла ў будынак Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, — гэта "3М54-1 "Калібр", якая стаіць на ўзбраенні Расіі.
Снарад на скрыншоце вонкава вельмі падобны да расійскага боепрыпаса. Вось толькі Хрыста, магчыма, быў не зусім дакладны. Да свайго допісу ў твітары Грозеў прыклаў фота ракеты іншай мадыфікацыі — 3М-54Э1. Да таго ж уся серыя 3М-54 разлічана на паражэнне надводных караблёў.
Па Харкаўскай АДА, хутчэй за ўсё, ударыла высокадакладная крылатая ракета 3М-14/3М-14Э — менавіта яна прызначаная для знішчэння наземных аб'ектаў. Таксама 3М-14/ЗМ-14Э можа выкарыстоўвацца самалётамі ў авіяцыйным выкананні 3М-14 А Э.
Украіна не мае "Калібраў"
Украіна не значыцца ў ліку краін-аператараў, якія выкарыстоўваюць "Калібр". Гэта не бянтэжыць прапагандыстаў, якія абвінавачваюць УСУ. Яны вылучаюць тэорыю, што заходні кірунак стрэлу паказвае на ўдар па Харкаўскай АДА самімі ўкраінцамі. Маўляў, зладзілі правакацыю.
Зыходзячы з зафіксаванага відэакамерай становішча ракеты, "эксперты" малююць азімут. Ён нібыта паказвае на тое, што пуск быў здзейснены пры дапамозе мабільнага ракетнага комплексу з сектара, кантраляванага Узброенымі сіламі Украіны.
Пры гэтым вынікаў разлікаў і экспертнага заключэння аб траекторыі ракеты ніхто не прыводзіць, што ставіць пад сумнеў кампетэнтнасць аўтара "схемы". На той момант у абкружэнні ў расійскіх войскаў знаходзіўся горад Ахтырка, размешчаны крыху на поўнач ад сектара, пазначанага ў схеме прапагандыстаў. Стрэліць маглі і адтуль, не кажучы ўжо пра тое, што далёкасць палёту "Калібра" дазваляе ўдарыць з куды большай адлегласці, чым з мясцовасці "Дзіканька — Апошня — Катэльва".
Не толькі з зямлі
Абмеркаванне азімута наземнага пуску можа быць спробай адцягнуць увагу ад варыянта з выкарыстаннем авіяцыйнай сістэмы.
"Расійскі бок усталяваў поўнае панаванне ў паветранай прасторы над усёй тэрыторыяй Украіны", — так 28 лютага выказаўся афіцыйны прадстаўнік расійскага Мінабароны Ігар Канашэнкаў.
Калі гэта праўда, дык ніхто, акрамя войска Расіі, не мог бамбіць будынак Харкаўскай адміністрацыі з паветра. І ўжо тым больш у гэтым выпадку не важныя тэорыі пра азімут абстрэлу: самалёт з падвешаным "Калібрам" можа нанесці ўдар з неабходнай адлегласці пад патрэбным вуглом.
Ці магла ракета прыляцець з мора? Яна амаль перпендыкулярна трапіла ў пярэдні, паўночна-заходні бок будынка Харкаўскай АДА. Гэта ставіць пад сумнеў версію пра пападанне з паўднёвых лакацый Крыма і Адэсы, якія разглядаюцца ў якасці імаверных месцаў запуску.
"Правакацыя з боку ўкраінцаў" і іншыя займальныя гісторыі
Прарасійская прапаганда распаўсюджвае думку, што атака на цэнтральную плошчу Харкава — гэта правакацыя з боку Узброеных сілаў Украіны. Маўляў, "украінскія вайскоўцы ўдарылі па АДА з мэтай аб'яднаць людзей перад расійскай пагрозай". Але гэтая версія не вытрымлівае ніякай крытыкі. Трупы і разруха на вуліцы хутчэй дэмаралізуюць людзей, чым згуртуюць. Такая правакацыя — вельмі рызыкоўны крок, асабліва калі вораг дыхае ў спіну.
Калі ж ракета была выпушчаная расіянамі, то тут усё значна прасцей. У гэтым выпадку дасягаюцца тры мэты: паніка сярод насельніцтва, разбурэнне інфраструктуры і знішчэнне жывой сілы праціўніка.
Расійская прапаганда не ўлічвае тое, што траціць каштоўныя "Калібры" (адкуль яны ва Украіны?) на будынак адміністрацыі ў Харкаве вельмі нерацыянальна. Нашмат лагічней у першую чаргу наносіць удары па артылерыі, цяжкіх агнямётных сістэмах "Бураціна", зенітна-ракетных комплексах "Бук" і іншай расійскай вайсковай тэхніцы.
Не "Калібр", а "Няптун"?
Версія пра тое, што па будынку Харкаўскай АДА ўдарыў не "Калібр", а "Няптун" (украінская крылатая дагукавая малавышынная ракета), таксама не выклікае даверу. Скрыншот з камеры відэаназірання не дазваляе дакладна вызначыць боепрыпас. Але на відэа пападання можна выразна разгледзець два серабрыстыя крылы, якія наводзяць на думку пра "Калібр". У "Нептуна" крылы трапецападобнай формы, іх восем, а не два, і яны меншыя па памеры.
Расійскія "эксперты" таксама выказваюцца пра тое, што гэта была ракета, выпушчаная з украінскай РСЗА "Смерч". Але боепрыпасы "Смерча" зусім не маюць крылаў-стабілізатараў па баках.
Высновы. Для таго, каб (наўмысна ці выпадкова) ударыць па харкаўскай адміністрацыі, украінцам спачатку трэба было б займець "Калібры", якіх няма на ўзбраенні ўкраінскага войска. Бамбаваць уласны горад не выгадна ім і з гледзішча "піяру". То бок, варыянт з "правакацыяй" выглядае нерэальна.
Затое шмат довадаў ёсць за тое, што ў цэнтр Харкава ўпала менавіта расійская ракета. Расіяне валодаюць падобнай зброяй і кантралююць тэрыторыі, з якіх можна ажыццявіць такі ўдар. Нельга выключаць таксама, што страшны выбух у Харкаве — гэта вынік авіяналёту. А паветраную прастору над Украінай кантралююць расіяне — і гэта не нашыя, а іх уласныя словы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.