Хто заробіць болей: шматдзетныя сем'і ці Банк развіцця?

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект “Вялікая сям'я”, паводле якога за трэцяе і наступнае дзіця, дзяржава выдасць 10 тысяч долараў. Грошы будуць адкладвацца на дэпазітны рахунак у валюце ў Банк развіцця і штогод індэксавацца на ўзровень інфляцыі долара. Забраць грошы можна толькі калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў.

З улікам штогадовай індэксацыі, пасля 18-гадовага перыяду сям'я атрымае прыкладна 14 тысяч долараў, а гэта прыкладна 2% гадавых, кажа эканаміст Сяргей Чалы.

"Атрымоўваецца, што Румас (кіраўнік Банка развіцця — Еўрарадыё) на кожнае дзіця атрымоўвае суму ў доларах, якая яму будзе каштаваць 2% гадавых. Пры тым, што кошт займаў на ўнутраным рынку 6,5-7%, а на знешнім яшчэ больш".

Атрымліваецца такі вельмі выгадны займ — грошы, якія ніхто не будзе кранаць 18 гадоў усяго пад 2% гадавых.

Сама ідэя не новая. Яшчэ ў 2005 годзе Лукашэнка казаў пра тое, што трэба бясплатна даваць кватэру за нараджэнне трэцяга дзіцяці. А падчас мінулай перадвыбарчай кампаніі Уладзімір Някляеў прапаноўваў выплачваць добрую суму ў доларах, але тады ўсе казалі, што гэта немагчыма, распавядае намеснік экс-кандыдата Андрэй Дзмітрыеў.

"Напярадзе прэзідэнцкая кампанія, і Лукашэнка да яе рыхтуецца. Безумоўна, Лукашэнка і яго структура не першы раз выкарыстоўваюць нашы ідэі. І не толькі па сямейным капітале. Але калі тое, што мы робім і пра што кажам, дае нам магчымасць хаця б такім чынам рабіць жыццё лепей — гэта добра. Мы прапаноўвалі за кожнае другое дзіця адкрываць рахунак. Але ў той час нам казалі, што няма адкуль узяць грошы. Цяпер грошы знайшліся".

Дзе ж знайшліся гэтыя грошы? Лукашэнка прапанаваў павысіць падаходны падатак на 1%. А гэта прыблізна 236,5 мільёна долараў дадаткова штогод. Шматдзетных сямей у Беларусі каля 65 тысяч. На кожную сям'ю атрымаецца 3638$ на год. Самі памножце на 18 гадоў. Дзесяць тысяч на трэцяе дзіця акупляюцца за першыя чатыры гады.

Але Банк развіцця на гэтых грошах можа і зарабіць. Еўрарадыё падлічыла, што калі пакласці іх у Белурсбанк, напрыклад, на дэпазіт "Класік плюс" на 18 месяцаў, то з кожных 10 тысяч можна зарабіць 856 долараў.

За 18 гадоў гэтыя грошы разам з працэнтамі можна паспець пакласці на дэпазіт 12 разоў. Так, за 18 гадоў замест 10 тысяч атрымаецца 26 тысяч долараў з якіх 14 тысяч трэба аддаць.

Сяргей Чалы ж лічыць, што банк будзе ўкладваць "мацярынскі капітал" не меней, чым пад 8 працэнтаў. Калі так, то за 18 гадоў з кожнай шматдзетнай сям'і можна атрымаць 39 тысяч долараў, мінус 14 тысяч на дзіця, і ў выніку — 25 тысяч прыбытку.

Дарэчы пра тое, што на самой справе можа хавацца за праектам "Вялікая сям'я", распісаў Аляксандр Старыкевіч на сайце gazetaby.com.

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі