І сказаў Сансэй: "Мінск, прачынайцеся!"

У сталіцу зноў завітала сонца — Андрэй "Sun" Запарожац, у мінулым 5'nizza, у цяперашнім — мульцістылевы бэнд, з гітарамі, клавішамі і бітбоксам, называецца SunSay. Паўтары гадзіны музыкі песцілі вушы і ныралі ў душы. І напрыканцы падзяліліся з Еўрарадыё думкамі пра канцэрт і творчасць. Прачынайцеся і слухайце!




SunSay прыехаў у "Рэактар" у суботу 16 кастрычніка з прэзентацыяй новага альбому "Дайвер". На дыску — 10 лірычных кампазіцый, якія, у прынцыпе, усе даўно чулі — ці то на мінулых канцэртах, ці то ў інтэрнэце.





На канцэрце песень было нашмат больш 10-ці і, у дадатак, музыкі змянілі іх да непазнавальнасці. Багатыя аранжыроўкі, джазавыя і рэпавыя запілы, фрыстайл ад бітбоксера Фэйма...







Нават шкада стала, што канцэрт не давялося запісаць. Бо менавіта канцэртны варыянт — гэта і ёсць сапраўдны "дайвінг" — пагружэнне ў імправізацыю, сэнсы тэкстаў і ўсеагульную атмасферу нейкай... дабрыні.





Спатрэбілася ўсяго 3 песні, каб разварушыць публіку і тая засталася "гарачай" ажно да самага канца, і выклікала музыкаў на біс, і пайшла, нават, штурмаваць грымёрку, каб падзякаваць за канцэрт.







Нехта з наведвальнікаў узяў на сябе ініцыятыву не пускаць жадаючых да Сана і прасіў не чапаць музыку, бо той усё сказаў на канцэрце і трэба даць яму адпачыць.



"Сябра, як я цябе разумею, як ты стаміўся ад гэтага ўсяго!" — вяшчаў хлопец. На што Сан усміхнуўся, і сказаў:

"Так, гэта страшна! Гэта нашмат цяжэй, чым грузіць вугаль, цягаць цяжкія мяхі. Гэта так цяжка фатаграфавацца, калі ўсе да цябе падыходзяць, дзякуюць за канцэрт. Гэта адская праца, найцяжэйшая! У мяне такое цяжкае жыццё”...



Пасля такога адказу Еўрарадыё зразумела, што ўсё з Санам у парадку, і можна смела запытаць пра ўражанні ад канцэрту, новы альбом ды творчы настрой.



Слухайце інтэрв’ю ў гукавым файле да рэпартажу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі