Іх норавы: стральба ў школе, нервовыя расіяне і адзін справядлівы суд
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пра карысць чытання: брытанец шмат чытаў пра Індыяну Джонса і знайшоў скарб. І яшчэ пра карысць чытання: калі ў пятніцы сачыць за аглядамі Еўрарадыё, будзеце ў курсе ўсяго важнага, што адбываецца ў свеце.
Стральба ў Тэхасе
Дзевятнаццаць дзяцей і двое дарослых загінулі, яшчэ 17 атрымалі раненні, піша ВВС. Гэта не вайна, гэта стральба ў амерыканскай школе. Нападніку было 18 гадоў. Ён купіў стрэльбу і кучу боепрыпасаў неўзабаве пасля дня нараджэння.
У Тэхасе дазволена купляць зброю з 18 гадоў. Ужываць алкаголь — з 21. Да гэтага інцыдэнту менш за палову тэхасцаў лічылі, што законы аб абароце зброі можна зрабіць больш строгімі.
Джо Байдэн ужо выказаўся. Ён, здаецца, гатовы стаць тым прэзідэнтам, пры якім у ЗША будзе ўсталяваны больш строгі кантроль за абаротам зброі. Вось што ён сказаў:
— Чаму мы гатовыя жыць з гэтай бойняй? Чаму мы дазваляем гэтаму адбывацца? Дзе, у імя Бога, наша мужнасць справіцца з гэтым і супрацьстаяць лобі?
Гаворка, вядома, пра зброевае лобі. І Байдэн не першы прэзідэнт ЗША, які будзе спрабаваць яго перамагчы. Яшчэ нядаўна спробы рабіў Барак Абама. І падставай таксама стала трагедыя. Тады, амаль 10 гадоў таму, хлопец застрэліў 26 чалавек у школе Канектыкута, нагадвае ВВС.
У Абамы нічога не выйшла: абмеркаванні ў Кангрэсе зайшлі ў тупік. Джо Байдэн тады падтрымліваў прэзідэнта ў яго спробах зрабіць больш жорсткім кантроль за абаротам зброі. Цяпер ён можа паспрабаваць сам.
Расіяне пачалі больш курыць
Нам могуць расказваць пра тое, як расіяне падтрымліваюць вайну Крамля і захоўваюць спакой. Але чалавека неабыякавага выдае статыстыка выкураных цыгарэт.
І з лютага расіяне пачалі больш курыць, піша расійскі часопіс "Правила жизни" са спасылкай на апытанне партала SuperJob. Якія яшчэ вам патрэбныя доказы?
Прычым мінулы раз расіяне так моцна нерваваліся ў разгар лакдаўну ў красавіку 2020 года. Цяпер ахвотныя кінуць паліць выкурваюць у сярэднім па 12 цыгарэт у дзень. А тыя курцы, якія ведаюць, што не змогуць завязаць у найбліжэйшы час, — па 15 цыгарэт у суткі.
Ёсць падазрэнне, што значная частка гэтых цыгарэт прыпадае на прайм-тайм. Паспрабуйце паглядзець расійскія каналы і не закурыць.
Справядлівасць для фермераў
Мы ведаем, што вы засумавалі па справядлівасці. Свет мае трохі яе для вас. Ну ці не для вас, але хоць бы для нігерыйскіх фермераў.
Такім чынам, у багатым на нафту, а ў астатнім вельмі бедным раёне ракі Нігер жылі фермеры, расказвае CNN. Побач пампавала нафту даччыная кампанія галандскай Shell. А буйныя разлівы ў падземных трубаправодах знішчалі фермерскія ўгоддзі.
Вось што казалі актывісты:
— У нас ёсць грунтавыя воды, забруджаныя бензолам у 900 разоў вышэй за дапушчальны ўзровень, у нас ёсць сельскагаспадарчыя ўгоддзі з нізкім ураджаем, рэкі, у якіх ледзьве можна лавіць рыбу, смяротнасць нованароджаных штогод вылічаецца тысячамі.
І ўсё гэта — праз разлівы нафты, упэўненыя актывісты. Тады заступіўся за людзей нігерыйскі юрыст Чыма Уільямс. Ён падтрымаў пазоў чатырох фермераў супраць нігерыйскай дачкі Shell.
Shell спачатку адмаўлялася ад адказнасці за разлівы. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, яны былі выкліканыя крадзяжом і сабатажам на трубаправодах. Вінаватыя ў іх, лічылі ў кампаніі, мясцовыя жыхары. І суд ніжэйшай інстанцыі вынес рашэнне на карысць Shell.
А юрыст працягваў даказваць, што матчына кампанія павінна несці адказнасць за дзеянні свайго нігерыйскага падраздзялення. Прайшло 13 гадоў — і Гаагу ўдалося пераканаць у тым, што Shell завінавацілася фермерам буйную суму.
Кітай ратуе эканоміку
Каранакрызіс усё ж падкасіў і кітайцаў. Каб пагаварыць пра тое, як жыць і што вырабляць далей, кіраўніцтва КНР сабрала відэаканферэнцыю на 100 тысяч чалавек. Паўтараем: сто тысяч чалавек. Пераводзім у зразумелыя адзінкі вымярэння: гэта прыкладна сорак усебеларускіх народных сходаў.
Уявіце сабе гэтую відэаканферэнцыю. "Адміністратар хутка дазволіць вам далучыцца да чата". Ну-ну.
Краіне трэба тэрмінова шукаць шляхі выхаду з кавідакрызісу. І на відэаканферэнцыю сабралі афіцыйныя асобы правінцый, гарадоў і саветаў. Прысутнічалі і высокапастаўленыя чыноўнікі, у тым ліку прэм'ер.
Абмяркоўвалі, як захаваць працоўныя месцы і знізіць беспрацоўе, пераказвае CNN дзяржаўнае выданне Кітая Global Times.
У Кітаі ўводзіліся вельмі жорсткія меры для барацьбы з успышкай кавіду. І ў выніку сакавік і красавік гэтага года сталіся для эканомікі больш разбуральнымі, чым увесь 2020 год, калі пандэмія толькі пачалася. Зрэшты, на 2020-ы кітайцам не варта скардзіцца. Тады па выніках года іх эканоміка не прасела, а падрасла — больш чым на 8%.
Індыяна Джонс існуе
Брытанец Джордж у дзяцінстве вельмі любіў гісторыі пра Індыяну Джонса. А калі вырас, знайшоў сотні старажытных манет. Гэта можа быць адным з найбуйнейшых скарбаў, калі-небудзь знойдзеных у Вялікабрытаніі, расказвае ВВС.
"Я знайшоў дзве рымскія брошкі, а потым срэбны дэнарый Юлія Цэзара, датаваны 46–47 гадамі да нашай эры. Прыкладна праз дзве гадзіны я знайшоў 180 манет — я сапраўды быў ашаломлены", — расказвае Джордж.
Скарбашукальнік кажа, што вельмі хацеў быць падобным да Індыяны Джонса — і, здаецца, у яго жыцці ўсё склалася так, як ён марыў.
А цяпер, чытаючы іншыя навіны, хочацца задаць пытанне людзям, якія ў дзяцінстве вельмі любілі "Уладара пярсцёнкаў". Вы што там увогуле намарылі?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.