Іх норавы: неапазнаныя лятучыя шары і амерыканскі Чарнобыль
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Без панікі. Неапазнаныя лятучыя аб'екты, якія з пачатку лютага збіваюць над Штатамі — гэта не іншапланецяне. Ну, хутчэй за ўсё.
Працягвайце даведвацца пра ўсе важныя сусветныя навіны тыдня з кароткіх аглядаў на Еўрарадыё. Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.
Цуды падчас трагедыі
Прайшло больш за 10 дзён з моманту землятрусу ў Турцыі, а ратавальнікі кажуць CNN, што па-ранейшаму чуюць галасы пад заваламі. І спрабуюць прыйсці на дапамогу ацалелым — у самы час.
Бывае яны расказваюць гісторыі сапраўдных цудаў.
Ратавальнікі выцягнулі з-пад абломкаў хлопчыка-падлетка, расказвае CNN. Ён правёў пад заваламі 228 гадзін. Адзін з ратавальнікаў прызнаўся, што, калі ўбачыў хлопчыка, вырашыў, што ў яго галюцынацыі. Ён падумаў, што дзіця памерла з адкрытымі вачыма. І тут хлопчык стаў клікаць ратавальніка і прасіць дапамогі.
А на наступны дзень у Турцыі выратавалі 33-гадовага Мустафу, які правёў пад заваламі 10 дзён. І першае, што ён спытаў, — дзе мама?
Міністр аховы здароўя Турцыі апублікаваў у сябе ў сацсетках эмацыйны відэазапіс тэлефоннай размовы Мустафы з яго сябрам — каб падтрымаць тых, хто ўсё яшчэ верыць, што іх блізкія жывыя і іх выратуюць.
Гэта не НЛА! Здаецца
Прыхільнікі тэорый змовы, радуйцеся. Нарэшце сапраўдная справа, над вырашэннем якой б'ецца амерыканская выведка.
"Не, гэта не НЛА", — так прэс-сакратар Белага дома папярэджвае пытанне журналістаў пра неапазнаныя шары ў небе над Паўночнай Амерыкай. З пачатку лютага збілі чатыры такія шары — і да гэтага часу ніхто не ведае, што гэта.
Журналісты ВВС сочаць за небам. Першы аб'ект — буйны паветраны шар 60 метраў у вышыню — упершыню заўважылі над Аляскай у канцы студзеня. А праз некалькі дзён збілі, калі шар праплываў над усходнім узбярэжжам ЗША, пісала ВВС.
Пентагон заявіў, што гэта быў кітайскі шар-шпіён. Кітай сказаў, што гэта быў цывільны беспілотны дырыжабль — маўляў, збіраў інфармацыю пра надвор'е. Рэшткі шара дасталі з акіяна — нейкія сонечныя панэлі і антэны. Шар відавочна збіраў інфармацыю, але якую — ніхто не расказвае.
Пакуль амерыканцы вывуджвалі парэшткі першага шара з акіяна, сітуацыя ў небе над Амерыкай станавілася ўсё цікавейшай. За некалькі дзён былі збітыя яшчэ тры загадкавыя аб'екты — і яны вельмі адрозніваюцца ад першага.
Такім чынам, другі падазроны аб'ект быў памерам з невялікі аўтамабіль. Ён ляцеў на вышыні ў 12 кіламетраў у напрамку Паўночнага полюса. Яго таксама на ўсялякі выпадак збілі — афіцыйныя асобы ЗША сказалі, што аб'ект пагражаў цывільным самалётам.
Трэці збіты аб'ект быў цыліндрычнай формы. Яго ўпершыню заўважылі над Канадай. Чацвёрты аб'ект аказаўся наогул васьмікутным! Яго збілі над Мічыганам. І на ім таксама не было ніякіх бачных датчыкаў.
Кітай прызнаў: так, першы шар быў наш. Але што наконт яшчэ трох? Ніхто не ведае. І гэта, вядома, дае карт-бланш прыхільнікам тэорый змовы. У кітайскіх сацсетках амерыканцаў заклікаюць задумацца: маўляў, можа, адцягваючы вашу ўвагу на шары, вашы ўлады хочуць нешта схаваць?
“Гэта наш Чарнобыль”
Некаторыя жыхары штата Агаё падазраюць, што ўлады замоўчваюць экалагічную катастрофу. У пачатку гэтага месяца там сышоў з рэек цягнік з таксічнымі рэчывамі. Але ўлады кажуць, што баяцца няма чаго, у горадзе можна жыць далей. BBC піша, што мясцовыя жыхары называюць тое, што здарылася, "наш Чарнобыль".
На гэтым тыдні прадстаўнік агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя (EPA) Майкл Рэйган наведаў горад, у якім адбылася катастрофа. Ён прыехаў, каб запэўніць мясцовых, што ўрад іх падтрымлівае.
"Мы бачым вас, мы чуем вас і разумеем, чаму ўзнікае занепакоенасць", — сказаў ён.
Агенцтва запэўнівае, што не выявіла небяспечных узроўняў забруджвальных рэчываў у паветры. Пры гэтым праверыўшы якасць паветра ў сотнях дамоў. Кампанія, якой належаў цягнік, што сышоў з рэек, не прыйшла на сустрэчу з мясцовымі жыхарамі, бо пераймалася "пытаннямі бяспекі". Гэта толькі ўзмацніла гнеў людзей.
Усё гэта не дапамагае ўмацаванню даверу.
“Як яны могуць гаварыць мне, што усё бяспечна? — кажа адна з мясцовых жыхарак, якая жыве недалёка ад месца катастрофы цягніка. — Я не дурная. Я бачыла, як воблака дыму асела на мой дом".
Абуджэнне з паліцыяй
А ў польскую паліцыю паступіла паведамленне пра жахліва моцны выбух. На месца выехалі супрацоўнікі паліцыі і пажарныя. Каб высветліць, што выбух заяўніку прысніўся, расказвае тэлеграм-канал Filizanka.
Калі ўжо дрэнныя навіны ў нашым жыцці непазбежныя, то няхай яны нам толькі сняцца. А пра галоўныя навіны ў свеце — дрэнныя і добрыя — чытайце ў штотыднёвых аглядах на Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.