Іх норавы. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка без Пуціна і анамальная спёка
Наш чарговы агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава
У ЕС электрамабіляў пачалі прадаваць больш, чым машын з дызельным рухавіком. Гэта было б добрай навіной для ўсіх, хто хвалюецца за экалогію, аднак негатыўныя наступствы зменаў клімату адчуваюцца ўжо сёння: у Еўропе анамальная спёка.
Пра гэта і не толькі — у нашым чарговым аглядзе сусветных навін.
Паўднёва-Афрыканкая Рэспубліка без Пуціна
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па ўзаемнай дамоўленасці не прыедзе на саміт БРІКС у Ёханэсбург, паведамляецца на сайце канцылярыі прэзідэнта ПАР Сірыла Рамафозы. Паездка была пад пытаннем з прычыны ордара на арышт Пуціна, выдадзенага Міжнародным крымінальным судом.
Расійскую дэлегацыю на 15-м саміце БРІКС, які пройдзе ў Ёханэсбургу 22-24 жніўня, узначаліць міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, паведаміла ў аўторак канцылярыя прэзідэнта ПАР.
Пазней гэта пацвердзілі ў Крамлі. “Прэзідэнт Пуцін прыняў рашэнне ўдзельнічаць у саміце БРІКС у фармаце відэаканферэнцсувязі. Гэта будзе паўнавартасны ўдзел. На самой сустрэчы будзе прысутнічаць міністр Лаўроў”, — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
У ЕС упершыню прадалі больш электрамабіляў, чым дызельных
У чэрвені ў Еўрасаюзе ўпершыню прадалі больш электрамабіляў (158 тыс., або 15,1 працэнта), чым аўтамабіляў з дызельнымі рухавікамі (139,6 тыс., або 13,4 працэнта), паведаміла 19 ліпеня Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў аўтамабіляў (ACEA). Машыны з бензінавым рухавіком па-ранейшаму прадаваліся часцей за ўсё, іх доля ў чэрвені склала больш за 36 працэнтаў, за імі ішлі гібрыдныя аўтамабілі (каля 24%). Агульная колькасць новых аўтамабіляў, зарэгістраваных у ЕС у чэрвені 2023 года, дасягнула 1 045 000 адзінак.
Год таму доля новых электрамабіляў у чэрвені складала 10,7 працэнта. Рэзкі рост продажаў — на 66 працэнтаў — шмат у чым быў абумоўлены іх папулярнасцю ў Германіі, Нідэрландах, Францыі і Бельгіі. Сярод вытворцаў прададзеных электрамабіляў больш за іншыя вырасла доля Tesla: у першым квартале 2023 года кожны пяты набыты аўтамабіль быў выраблены гэтай амерыканскай кампаніяй.
Поўдзень Еўропы пакутуе ад анамальнай спёкі
У апошнія тыдні свет знемагае ад анамальнай спякоты. У многіх рэгіёнах гэтым летам пабітыя тэмпературныя рэкорды. Ад нечуванай спёкі пакутуюць і многія краіны на поўдні Еўропы.
Міністэрства аховы здароўя Італіі абвясціла самы высокі ўзровень небяспекі для 23 буйных гарадоў. Тэмпература вышэй за 40 градусаў паднялася і на поўначы краіны, у тым ліку ў Балоньі і Фларэнцыі. На Сардыніі і Сіцыліі чакаецца +45-46. Колькасць выклікаў хуткай дапамогі ўзрасла на 20%.
У Грэцыі на захад ад Афін пажарныя змагаюцца з трыма буйнымі пажарамі. На выходных чакаецца да +44℃.
Гэтак жа горача і ў Іспаніі. Там працягваюць бушаваць лясныя пажары на востраве Ла-Пальма, адкуль эвакуявалі больш за 4000 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.