Сацыялісты прэм'ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса прайгралі на рэгіянальных і мясцовых выбарах кансерватарам. І Санчэс абвясціў датэрміновыя парламенцкія выбары, піша CNN.
Урад Санчэса быў адданым саюзнікам Украіны, накіроўваў у Кіеў танкі, сістэмы СПА і іншую дапамогу. Унутры краіны ён прасоўваў прагрэсіўны парадак дня.
Сімптаматычна, што Іспанія становіцца ўжо не першай, а чарговай краінай Еўропы, якая за апошнія гады робіць разварот у бок кансерватараў. Пакуль — напаўпаварота. Будзем сачыць за выбарамі.
Усё сумленна
"Закон джунгляў скончыўся!" — радуецца французскі сенатар. Пра што гэта ён? Не паверыце — пра Instagram.
У Францыі ўскладнілі жыццё інфлюэнсерам, а іх там каля 150 тысяч. Інфлюэнсеры — гэта блогеры з вялікай колькасцю падпісчыкаў і такім жа вялікім уплывам на сваіх падпісчыкаў.
Цяпер у Францыі інфлюэнсер стане "юрыдычнай асобай", якая выкарыстоўвае сваю вядомасць для прасоўвання тавараў і паслуг, піша France24.
Цяпер ім давядзецца маркіраваць увесь платны кантэнт. То-бок ужо нельга будзе зрабіць выгляд, што нейкі сродак інфлюэнсеру проста і бясплатна "падабаецца" і ён ад чыстага сэрца рэкламуе яго падпісчыкам. А калі блогер рэкламуе фастфуд, яму давядзецца зрабіць пазнаку пра тое, што яго пажадана хаця б спалучаць з фізічнай актыўнасцю.
Нельга будзе рэкламаваць тытунь, паслугі касметычнай хірургіі, медыцынскія прылады, сайты ставак на спорт, крыптавалюты, піша ВВС. А за парушэнне гэтых правілаў можа пагражаць да двух гадоў пазбаўлення волі або штраф да 300 тыс.еўра.
З Байдэнам усё ў парадку
Джо Байдэн спатыкнуўся і ўпаў на мерапрыемстве, дзе ўручалі дыпломы выпускнікам Акадэміі ВПС у ЗША. Прэзідэнт натыкнуўся на мяшок з пяском, піша ВВС. Яму хутка дапамаглі ўстаць на ногі.
Да гэтага Байдэн паўтары гадзіны прастаяў, каб паціснуць руку кожнаму курсанту-выпускніку. А там быў 921 чалавек!
Байдэн — самы ўзроставы прэзідэнт з усіх, хто кіраваў амерыканцамі. Гэтая гісторыя вучыць нас: краінай трэба кіраваць так, каб, калі ты на старасці спатыкнешся, усе падалі табе руку.
Зноў самы багаты
Пакуль вы лаялі Ілана Маска за тое, што ён зрабіў з Твітарам, Маск багацеў. І вось у рэйтынгу найбагацейшых людзей "Блумберга" ён зноў выбраўся на першы радок.