Ілан Маск страціў дзясяткі мільярдаў долараў — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

Ілан Маск недаатрымаў 56 млрд долараў. Але, здаецца, не вельмі засмуціўся. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.


Суд у ЗША пазбавіў Ілана Маска выплаты на 56 млрд долараў

Генеральны дырэктар кампаніі Tesla Ілан Маск не мае права на рэкордны кампенсацыйны пакет аб'ёмам 55,8 мільярда долараў ЗША ад гэтай фірмы. Такое рашэнне прыняў суд у амерыканскім штаце Дэлавер.

Такая кампенсацыя — "неверагодная сума", несправядлівая ў дачыненні да акцыянераў, палічыла суддзя Каталін Мак-Кормік. Рада дырэктараў, якая зацвердзіла такую суму, не была дастаткова незалежнай у меркаваннях, дадала Мак-Кормік. Вердыкт можа быць абскарджаны.

Рада дырэктараў кампаніі па выпуску электрамабіляў Tesla ў 2018 годзе прыняла рашэнне пра кампенсацыйную выплату Маску на дзесяцігадовы тэрмін. Умовы мяркуюць узнагароду ў форме акцый кампаніі ў залежнасці ад таго, ці будуць дасягнутыя амбіцыйныя мэты па рынкавым кошце акцый і паказчыках бізнесу. У тым жа годзе адзін з акцыянераў Tesla звярнуўся з іскам да Маска ў суд, палічыўшы памер пакета празмерным.

Гендырэктар Tesla не каментаваў вердыкту суда. У той жа час прадпрымальнік напісаў у сетцы мікраблогаў Х: "Ніколі не рэгіструйце сваю кампанію ў штаце Дэлавер". Маск парэкамендаваў рабіць гэта ў Невадзе ці Тэхасе.

Немцы ў небяспецы

Грамадзяне Германіі пачалі страчваць пачуццё бяспекі. Пра гэта паведаміла кіраўніца Інстытута па вывучэнні грамадскай думкі Рэната Кехер: "Пачуццё бяспекі ў насельніцтва Германіі сёння відавочна разбураецца".

Даследаванне на гэтую тэму праводзіцца ў Германіі больш за 10 гадоў, але гэтым разам, на думку аўтараў, яго вынікі асабліва цікавыя.

Калі ў 2019 годзе доля ўдзельнікаў апытання, якія адчувалі сябе ў Германіі ў бяспецы, складала 73%, а ў 2021-м, "калі ўсе сядзелі па дамах праз пандэмію", — нават 82%, то сёння такое меркаванне выказаў толькі 61% рэспандэнтаў, адзначыла Кехер.

Яна растлумачыла, што гэта звязана не толькі са значным ростам узроўню злачыннасці за апошнія 2 гады, але і з канфліктамі паміж рознымі ідэалагічнымі групамі.

У спісе патэнцыйных пагроз для ўнутранай бяспекі Германіі першы радок займаюць ісламісцкія групоўкі. Яны выклікаюць трывогу ў 86% рэспандэнтаў. Далей ідуць злачынныя арабскія сямейныя кланы (81%) і правыя экстрэмісты (76%).

Асобна Кехер спынілася на наплыве бежанцаў: "Гэта самая важная тэма для насельніцтва... бо ў яго няма ўпэўненасці, што гэтая праблема будзе вырашаная і сітуацыя будзе пад кантролем".

Ілан Маск страціў дзясяткі мільярдаў долараў — #ІхНоравы
Брандэнбургскія вароты / Wikipedia

Згодна з вынікамі даследавання, дзве траціны насельніцтва Германіі не ўхваляюць цяперашнюю палітыку ўрада ў дачыненні да бежанцаў.

Цяпер каля паловы насельніцтва Германіі асцерагаецца, што праз бежанцаў узровень злачыннасці ўзрасце. У свежым апытанні каля траціны заявілі таксама, што сталі адчуваць сябе менш бяспечна ў сваім месцы жыхарства. У той жа час у жыхароў усходніх федэральных земляў і ў людзей з ніжэйшымі прыбыткамі рост такіх асцярог быў асабліва прыкметным.

Але ў пераліку праблем, якія бянтэжаць немцаў у сферы бяспекі, бежанцы займаюць толькі чацвёртае месца, пасля росту цэн (76%), вайны ва Украіне (73%) і таго, што сітуацыя ў Еўропе робіцца менш прадказальнай (64%).

Пры гэтым вайна Расіі супраць Украіны займае першы радок у спісе сусветных канфліктаў, якія выклікаюць у немцаў асцярогу. Яе згадалі 85% рэспандэнтаў.

РФ узначальвае і спіс краін, якія на думку немцаў, пагражаюць свету. Такое меркаванне выказалі 75% рэспандэнтаў.

Што да канкрэтна вайны ва Украіне, то тут сацыёлагі выявілі змены чаканняў немцаў адносна яе выніку. Толькі 10% рэспандэнтаў лічаць, што Украіна зможа перамагчы. Пры гэтым каля траціны немцаў сказалі, што падтрымку Кіеву трэба скараціць.
 

Кампанію Adidas сёлета чакае скачок прыбытку пасля разрыву з Канье Уэстам

Ілан Маск страціў дзясяткі мільярдаў долараў — #ІхНоравы
Канье Уэст / ADIDAS

Нямецкі вытворца спартыўнага адзення і абутку Adidas чакае, што аперацыйны прыбытак павялічыцца амаль у два разы і складзе каля 500 мільёнаў еўра ($542,3 мільёна) у 2024 годзе пасля разрыву супрацоўніцтва з рэперам Канье Уэстам і спынення выпуску красовак Yeezy.

Гэты прагноз нашмат адстае ад ацэнкі аналітыкаў у 1,23 мільярда еўра, што тлумачыць падзенне акцый кампаніі на 6% на таргах перад адкрыццём біржы.

Згодна з незапланаванай папярэдняй аб'явай пра вынікі, аперацыйны прыбытак Adidas у 2023 годзе склаў 268 мільёнаў еўра, што менш, чым 669 мільёнаў еўра за год да гэтага, але значна перавышае страту ў 100 мільёнаў еўра, які раней прагназаваў генеральны дырэктар кампаніі Б'ёрн Гульдэн.

Adidas супрацоўнічаў з Канье Уэстам з 2013 года, але у 2022-м гэтаму плённаму  мільярднаму супрацоўніцтву прыйшоў канец. Уэст выступіў са скандальнымі антысеміцкімі выказваннямі — і нямецкая кампанія разарвала з ім адносіны, нягледзячы на немінучыя велізныя страты.
 

Новы від дыназаўраў

Ілан Маск страціў дзясяткі мільярдаў долараў — #ІхНоравы
Eoneophron infernalis (злева) і Anzu wyliei (справа) / journals.plos.org

Навукоўцы адкрылі новы від дыназаўраў, якому ўжо далі мянушку "пякельнае кураня".

Адкрыццё зрабілі на аснове скамянеласцяў, якія раней лічыліся маладымі прадстаўнікамі ўжо вядомага віду. Новы від назвалі Eoneophron infernalis. Навукоўцы кажуць, што гэтае адкрыццё мае вялікае значэнне для нашага разумення таго перыяду, які лічыўся эрай паступовага заняпаду дыназаўраў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі