Індзеец стукнуў начальніка з “Беларуснафты” палкай па галаве (відэа)

Прадстаўніка “Беларуснафты” ў Эквадоры атакавалі пасля працоўнай сустрэчы ў мясцовым Міністэрстве вуглевадародаў. Андрэй Ніканаў быў вымушаны уцякаць ад натоўпу з журналістаў і экалагічных актывістаў ў гандлёвы цэнтр. Туды пад’ехаў паліцэйскі матацыкл. Калі Андрэй Аляксеевіч ускочыў на транспартны сродак і ухапіўся за паліцэйскага, індзеец Патрысіа Сакэ падлавіў момант і стукнуў беларуса тэлескапічнай палкай па галаве. Перад сваёй атакай Сакэ настойліва пільнаваў Ніканава і нават пагражаў. А ў наступ пайшоў, так бы мовіць, на развітанне. Што праўда, палка аказалася не баявая, а, хутчэй, падобная на вуду ці пластыкавае дрэўка для трымання сцяга. Таму сур’ёзных траўмаў наш суайчыннік не атрымаў. Іншыя пратэстоўцы фізічны гвалт не ўжывалі, а толькі крычалі беларусу наўздагон “забойца!” і “этнацыд!”

“Сапраўды, інцыдэнт меў месца яшчэ ў лістападзе. Пасля гэтага прэзідэнт Эквадора прыносіў прабачэнні, ― паведамляе Еўрарадыё крыніца ў эквадорскім філіяле “Беларуснафты”. Сам Андрэй Ніканаў пракаментаваць выпадак не змог, бо на момант тэлефанавання знаходзіўся ў аргенцінскай камандзіроўцы. ― А сітуацыя здарылася з-за мітынгуючых, якія пратэстуюць супраць асваення ўсходу краіны”.

Еўрарадыё: “Гэтыя мітынгоўшчыкі лічаць, што нафтаздабываючыя кампаніі наносяць страты прыродзе…”

Філіял “Беларуснафты”: “Мяркую, што гэта больш палітычны момант, накіраваны супраць прэзідэнта. Акцыя не была праведзеная канкрэтна супраць “Беларуснафты”. Магу сказаць, што пасля гэтага інцыдэнту адбылася сустрэча, на якой прысутнічалі прадстаўнікі індзейскіх супольнасцяў. І нейкіх канфліктных сітуацый там не было. Заўсёды ёсць два меркаванні. Ёсць і праціўнікі і прыхільнікі пэўнага развіцця. Выступленні супраць асваення ўсходу адбываюцца перыядычна, і нашу кампанію больш не закранаюць. Гэтыя акцыі ― больш антыўрадавыя”.

 

Як аказалася, людзі вышчарыліся на Андрэя Ніканава за нафтаздабычу ў нацыянальным парку “Ясуні”. Можна зразумець. Калі б перакопвалі, скажам, Белавежскую пушчу, то не кожны патрыёт Беларусі лікаваў бы з гэтай нагоды. “Беларуснафта” займаецца ў Эквадоры сейсмаразведвальнымі працамі і распрацоўкай радовішчаў. Зрэшты, у здабычу нафты там уцягнуты шэраг замежных кампаній. Але пад раздачу трапіў толькі Андрэй Ніканаў. Пасол Чылі Хуан Пабла Ліра падчас той жа маніфестацыі здолеў пад прыкрыццём паліцыі уцячы цэлым і некранутым.

Праз некалькі дзён пасля здарэння прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа выказаў крытыку ў бок паліцыі, якая не арганізавала бяспеку замежным прадстаўнікам. А заадно загадаў ліквідаваць “Фонд Пачамама”, які змагаецца за экалогію і правы карэннага насельніцтва Амазоніі. Індзеец Патрысіа Сакэ, дарэчы, у “Пачамаму” не ўваходзіць. Аднак арганізацыя даўно мазоліць вочы мясцовым уладам. Актывісты-эколагі наракаюць на тое, што з-за нафтаздабычы ў парку “Ясуні” адбываецца дыскрымінацыя мясцовых індзейцаў (улады ў пагоні за грашыма з імі не лічацца), а таксама пад пагрозай знікнення апынуліся прадстаўнікі жывёльнага свету і ўнікальныя расліны.

У снежні “Пачамаму” гучна ліквідавалі, выкарыстаўшы ў якасці прычыны той самы ўдар вудай Патрысіа Сакэ па галаве Андрэя Ніканава.

Сябры закрытай арганізацыі звярнуліся да юрыстаў. Выпадак сёння разглядаецца ў Міжамерыканскай камісіі па правах чалавека (офіс знаходзіцца ў Вашынгтоне) і можа быць накіраваны ў суд.

“Выпадак, які здарыўся з беларускім бізнэсмэнам, не з’яўляецца юрыдычнай падставай для закрыцця нашай арганізацыі, ― паведамляе прэсе старшыня фонда “Пачамама” Марыя Вэлен Паэс. ― Насамрэч, прэзідэнт Карэа абураны тым, што мы знаходзімся на пярэднім фронце экалагічнай барацьбы супраць пашырэння межаў здабычы нафты ў басейне ракі Амазонка”.

Відэа El Ciudadano

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі