Інтэрпол пакуль не прыняў рашэння аб уключэнні Керымава ў "чырвоны спіс"
У сераду Інтэрпол пацвердзіў, што атрымаў запыт ад беларускіх уладаў аб затрыманні члена Савета Федэрацыі Расіі Сулеймана Керымава.
А таксама яшчэ чатырох топ-менеджараў Беларускай калійнай кампаніі. Інтэрпол тлумачыць, што па гэтых запытах працягваецца работа і ніякага рашэння пакуль не прынята, інфармуе "Интерфакс-Запад".
"Генеральны сакратарыят Інтэрпола атрымаў другога верасня запыт ад беларускіх уладаў аб змяшчэнні ў "чырвоны спіс" расіяніна Сулеймана Керымава... У цяперашні момант запыты знаходзяцца на вывучэнні генеральнага сакратарыята Інтэрпола", — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 26 жніўня ў мінскім аэрапорце затрымалі кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру было выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
2 верасня стала вядома, што Інтэрпол аб'явіў у вышук расійскага алігарха Сулеймана Керымава. Ён прыняў заяўку беларускіх праваахоўнікаў. Следчы камітэт Беларусі абвінавачвае асноўнага акцыянера "Уралкалія" ў арганізацыі злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Керымаву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Паколькі Керымаў з'яўляецца расійскім сенатарам, ён мае імунітэт. Аднак беларускія праваахоўнікі спадзяюцца на дапамогу Генпракуратуры Расіі, куды рыхтуюцца выслаць адпаведныя дакументы па справе "Уралкалія".
Фота — ria.ru