"Самы элітны начны клуб у краіне" не пусціў інваліда-калясачніка з-пад Ліды

"Самы элітны начны клуб у краіне" не пусціў інваліда-калясачніка з-пад Ліды

Інваліда-калясачніка Арцёма Найдзена, бізнесмена з Бярозаўкі, невялікага мястэчка пад Лідай, не пусцілі ў мінскі клуб Rich Cat. Непрыемная сітуацыя здарылася 2 красавіка, калі Арцём з жонкай адзначалі ў сталіцы дзень нараджэння сяброўкі.

"Самы элітны начны клуб у краіне" не пусціў інваліда-калясачніка з-пад Ліды

"У нейкі момант з'явілася ідэя паехаць у клуб, — распавядае Еўрарадыё малады чалавек. — Мы выклікалі таксоўку, і ўсёй кампаніяй паехалі. Спачатку ў Dozari, паглядзелі — там людзей мала было. І адзін мой сябра кажа: "Паехалі ў Rich Cat, у мяне бясплатныя квіткі". Ну, чаму не? Быў я, мая жонка, яшчэ двое дзяўчат і два хлопцы. Усе ахайна апранутыя, на мне кашуля была — усё прыстойна.

Падыходзім да ўвахода, там ахоўнік. Кажа: "Я вас не прапушчу, бо ў нас пандусаў няма". Я адказваю: "Нічога, са мной двое сяброў, дзе трэба — паднімуць і паднясуць". "Не, не буду вас прапускаць". Яшчэ парай слоў мы з ім перакінуліся, і нічога я даказаць не змог".

Арцём папрасіў выклікаць адміністратара, на што пачуў адказ: "Я і ёсць адміністратар". Сябры распісалі гэтую сітуацыю ў кнізе скаргаў і з'ехалі ў іншы мінскі клуб.

"Туды нас пусцілі без праблем. Больш за тое: я і адзін мой сябра прайшлі бясплатна, было вельмі прыемна", — падсумоўвае Арцём Найдзен.

Праз некалькі дзён Арцём падзяліўся гэтай гісторыяй з Аляксандрам Аўдзевічам — бадай што самым вядомым беларускім калясачнікам. "Беларусіанін" Саша аб'ехаў палову свету на ручным ровары, грошы на які сабраў летась з дапамогай краўдфандынгу. А яшчэ ён кіраўнік Лідскага таварыства інвалідаў-калясачнікаў.

"Самы элітны начны клуб у краіне" не пусціў інваліда-калясачніка з-пад Ліды
Аляксандр Аўдзевіч. Фота: nnd.name, "Твой стыль"

"Калі б Арцём быў нейкім хлопцам, на якога шкада глядзець, ці "набуханым", я б зразумеў. А ён вядзе свой бізнес, добра выглядае, ездзіць на спартовай машыне. У яго прыгажуня-жонка, — распавядае Еўрарадыё Аўдзевіч. — І вось, яго не пускаюць у клуб. І ён мне кажа: Саша, як такое можа ўвогуле быць? Я знайшоў у "Фэйсбуку" Rich Cat і напісаў ім паведамленне".

У клубе пачалі ўдакладняць, што і як. А адказ, які пасля атрымаў Аляксандр Аўдзевіч, здзівіў і абурыў не толькі яго:

"Самы элітны начны клуб у краіне" не пусціў інваліда-калясачніка з-пад Ліды
Адказ, які атрымаў Аляксандр Аўдзевіч, і скрыншоты са старонкі клуба Rich Cat.

"У мяне з імі ўвогуле дыялога не атрымалася. Гэта адказ у стылі: вы не для нас, у нас надзвычай крутое месца, мы адмаўляем па 300 людзям, нават тым, хто сам ходзіць, таму нафіг вы там патрэбныя", — падсумоўвае Аўдзевіч.

У Еўрарадыё таксама не атрымалася дыялога з адміністрацыяй Rich Cat. Па тэлефоне з афіш клуба адказвае дзяўчына, якая займаецца выключна браніраваннем столікаў і "іншыя пытанні не вырашае". Яна не дае тэлефонаў іншых менеджараў, і перадаць слухаўку нікому з іх таксама не можа, бо "клуб пачынае працаваць у 23:00", і цяпер побач з ёй нікога няма. Іншых кантактных звестак Rich Cat у нас знайсці не ўдалося.

Я спрабую зразумець учынак ахоўніка, які не пусціў Арцёма ў клуб. Якія думкі былі ў яго ў галаве? Што ў чалавека на калясцы не можа быць грошай на наведванне "элітнай" установы? Што ён не адпавядае нейкім "стандартам якасці", прынятым там? Арцём Найдзен быццам бы ўгадвае мае думкі:

"Відаць, не ўсе людзі разумеюць... Вось ёсць на калясках людзі: я, Саша... Я раней ганяў на матацыкле. У мяне паспяховае жыццё: я пабудаваў дом, у мяне бізнес. Так атрымалася, што трапіў у аварыю. Але ж усе нармальныя людзі — проста такі збег абставінаў. Хацелася б, каб людзі не пужаліся, калі бачаць чалавека на калясцы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі