Іосуб: Долар будзе расці далей, але з беларускім рублём гэта не звязана

Курс долара 26 студзеня дасягнуў рэкордных 15100 рублёў (інфаграфіка)

Долар дасягнуў сёлетняга максімуму: па выніках чарговых таргоў ён вырас на 190 рублёў. У абменніках набыць яго можна па 15400, але толькі тое, што здаюць іншыя людзі. Хаця, як высвятляе Еўрарадыё, Нацбанк такога не рэкамендаваў камерцыйным банкам.

“Такой рэкамендацыі мы не давалі!”

Накіроўваемся ў абменнікі, праверыць, ці спыніць такі кошт долара пакупнікоў. У касе “Дэльта-банка” на мінскай вуліцы Карла Маркса ўсяго адна жанчына ў чарзе, набывае долары. Але нават пасля яе застаецца 40 долараў.

“Прадаём толькі тое, што здаюць. А калі гэта адменіцца — невядома”.

У абменніку ГУМа долары здаюць адразу тры чалавекі: двое па 20 і адзін 100. Кемлівая жанчына — першая ў чарзе па валюту. Яна адразу скупляе долары за… еўра. Больш у касіркі не застаецца.

Абменнік у “Цэнтральным” універсаме стаіць без валюты, першая ж жанчына ў чарзе шукае таго, хто хоча здаць долары.

“А дзе тут мужчына збіраўся здаваць 20 долараў?”

На сталічнай вуліцы Леніна ў абменніку долараў няма. Перада мной маладая пара купляе 10 тысяч расійскіх рублёў. У касе застаецца 500 еўра, але адной купюрай.

Іншы абменнік на той жа вуліцы наогул зачынены, як і абменнік у пераходзе праз праспект Незалежнасці.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб мяркуе, што долар працягне рост. І беларуская эканоміка тут непрычым:

“Долар будзе расці далей, і з беларускім рублём гэта не звазяна, бо ў свеце ён расце да ўсёй валюты, да еўра, у тым ліку. Няма прычын, каб ён перастаў расці ў Беларусі. Цяпер банкі маюць права набываць валюту, каб умацаваць абменнікі, але ёсць рэкамендацыя ў +/-2% ад усталяванага курса Нацбанка. Банкі не набываюць валюту, бо заўтра, калі будзе скачок, яны могуць страціць. Калі б банкі маглі закласці рызыку ў курс продажу, тады гэта было б лагічна”.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі