Іпэшніца выйграла ў падатковай працэс у Вярхоўным судзе
Вярхоўны суд стаў на бок індывідуальнай прадпрымальніцы Таццяны Паляковай, якая судзілася з падатковай інспекцыяй.
Як піша onliner.by, гісторыя пачалася яшчэ напрыканцы 2015 года. Супрацоўнікі падатковай прызналі накладныя ад расійскай фірмы "Камфорт", якія паказала іпэшніца, фальшывымі і канфіскавалі ў яе тавар. Гэтаксама яны збіраліся паступіць з выручкай і налічыць штраф.
Эканамічны суд Мінска прызнаў дзеянні падаткавікоў правамернымі. У судзе інспектар падатковай заявіў: Палякова сама прызналася, што купіла іх на рынку. Прадпрымальніца адказала, што інспектар сам прыстрашыў яе і вымусіў напісаць гэта.
Агулам у жанчыны канфіскавалі 64 пары абутку на суму 11 млн рублёў. Таксама ёй пагражала канфіскацыя 14,1 млн рублёў выручкі за прададзены абутак і штраф ад 30 да 50 базавых велічыняў. Па падліках самой прадпрымальніцы, яна магла б страціць каля 30 мільёнаў рублёў.
Але Вярхоўны суд на пасяджэнні 14 сакавіка адмяніў рашэнне Эканамічнага суда Мінска. Як кажа Палякова, тавар ёй павінны вярнуць, а канфіскацыю выручкі і штраф — адмяніць.
Рашэнне Вярхоўнага суда яшчэ не набыло законную моц. У падатковай ёсць 10 дзён для абскарджання.