Іран нанёс ракетны ўдар па цэлях у Іраку і Сірыі

На месцы выбухаў у Эрбіле

На месцы выбухаў у Эрбіле / Rudaw TV

Іран у панядзелак запусціў балістычныя ракеты па цэлях на тэрыторыі суседняга Ірака і Сірыі. У Іраку мэтай была база ізраільскай разведкі "Масад". Яна размешчана на поўначы краіны ў горадзе Эрбіль, сталіцы паўаўтаномнага Курдыстана. У Іране кажуць, што знішчылі "адзін з галоўных шпіёнскіх штабоў" Ізраіля, і гэта быў адказ на ізраільскі напад, у выніку якога загінулі камандзіры іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі і сябры Фронту іранскага супраціву.

Але гэта быў не адзіны ўдар у Эрбіле. У Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) кажуць, што атакавалі некалькі "аб'ектаў іранскіх апазіцыйных груп". Вядома як мінімум пра чатырох загінуўшых мірных жыхарах. Шэсць чалавек атрымалі раненні. Гэта дадзеныя Рады Бяспекі Курдыстана.

У Сірыі, паводле заявы КВІР, мэтамі былі базы "антыіранскіх тэрарыстычных груповак на акупаваных тэрыторыях Сірыі". Гэтыя групоўкі нібыта былі датычныя да нядаўніх падвойных выбухаў у горадзе Керман падчас акцыі памяці, прысвечанай забітаму генералу Касіму Сулеймані. Тады загінулі сотні людзей. Тая атака стала самым смяротным нападам у Іране з часоў рэвалюцыі 1979 года. Адказнасць за выбухі на могілках узяла на сябе ІДІЛ.

У ЗША тым часам абверглі паведамленні аб тым, што пад ударам аказалася консульства ЗША ў іракскім Эрбіле. "Ніякі амерыканскі персанал або аб'екты не падвергліся нападу", — заявіў афіцыйны прадстаўнік ЗША. Ягоныя словы прыводзіць СNN. У Дзярждэпартаменце таксама адзначылі, што "гэта была безразважная і недакладная серыя ўдараў". Тым не менш, выданне адзначае, што напады Ірана выклікаюць дадатковыя асцярогі, што вайна Ізраіля ў сектары Газа можа перарасці ў поўнамаштабную вайну на Блізкім Усходзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі