Іранца Мерхдада выпусцілі з-за кратаў, але прымушаюць да добраахвотнага выезду

Іранца Мерхдада выпусцілі з-за кратаў, але прымушаюць да добраахвотнага выезду

14 траўня іранца Мехрдада Джамшыдзяна выпусцілі з-за кратаў. Ён правёў у ізалятары 11 месяцаў. 

Як распавядала Еўрарадыё, 4 траўня суд Маскоўскага раёна Мінска адмяніў прымусовую дэпартацыю іранца. Яго справа была вернутая ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі на перагляд. 

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Human Constanta, 14 траўня АГІМ прыняў рашэнне пра добраахвотную высылку Джамшыдзяна за межы Беларусі. У яго ёсць тры месяцы на тое, каб пакінуць нашу краіну.

"Гэта фактычна азначае, што Мехрдад павінен якім-небудзь чынам за тры месяцы знайсці краіну, якая пагодзіцца яго прыняць. Пры гэтым ні суд, ні аддзел па грамадзянстве і міграцыі не ўлічваюць некалькі важных акалічнасцяў: права на сям'ю, шчыльныя сувязі Мехрдада з Беларуссю, праблемы са здароўем як Мехрдада, так і яго жонкі, а таксама адсутнасць матэрыяльнай і юрыдычнай магчымасці пераехаць у іншую краіну", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны звяртаюць увагу на тое, што іранец з сям'ёй жыве ў Беларусі амаль 25 гадоў і не мае такіх шчыльных сувязяў ні з адной іншай краінай. За час зняволення мужчына перанёс інфаркт, а яго жонка перажыла аперацыю праз анкалагічнае захворваннеі. Сям'ю забяспечваюць дзве дачкі, якія не маюць фінансавай магчымасці пераехаць у іншае месца.

Іранскія ўлады патрабуюць выдаць Джамшыдзяна, якога падазраюць у забойстве маці і роднага брата. Але праваабаронцы лічаць гэтае патрабаванне толькі нагодай для выдачы, бо на радзіме мужчыне пагражае смяротная кара за прыняцце хрысціянства. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі