Ірландская плыўчыха пра медаль Яфімавай: “Каму цяпер можна верыць?”
Увечары 8 жніўня расійская плыўчыха Юлія Яфімава выходзіць на фінальны заплыў 100 метраў брасам і выйграе сярэбраны медаль. Яе доўга і шчыра асвістваюць з трыбунаў. Такой рэакцыі не было раней ні на адных Алімпійскіх гульнях.
Рэч у тым, што Міжнародная федэрацыя плавання зняла Яфімаву з гульняў, але Міжнародны алімпійскі камітэт усё ж дазволіў ёй выступаць у Рыа акурат у дзень адкрыцця Алімпіяды.
У 2013 годзе Юлію Яфімаву дыскваліфікавалі на 16 месяцаў пасля выяўлення рэшткаў забароненых анабалічных стэроідаў у яе допінг-пробе. Сёлета за два месяцы яе чатыры разы “лавілі” на ўжыванні мельдонію.
Амерыканка Лілі Кінг, якая ўзяла ў гэтым спаборніцтве золата, нават не павіншавала расіянку з перамогай.
ВВС прыводзіць словы абурэння ірландскай плыўчыхі Фіёны Дойл, якая не прайшла ў паўфінал:
“Ашуканцы ёсць ашуканцы. Каму цяпер можна верыць? Па ўсёй алімпійскай вёсцы развешаныя лозунгі пра тое, што плаванне — чысты спорт. Але гэта не так”.
Адзіны ў гісторыі спорту 19-разовы алімпійскі чэмпіён па плаванні Майкл Фелпс таксама крытычна выказваецца ў бок расійскай плыўчыхі:
“Я лічу, што спорт мусіць быць чыстым і спартсмены павінныя спаборнічаць у роўных умовах. Сумна, што сёння людзям, якія не прайшлі тэст на допінг — і не адзін раз, а двойчы, — усё адно даюць магчымасць выступаць. Гэта супярэчыць самой прыродзе спорту”, — цытуе словы Фелпса брытанскае выданне.
Падобная рэакцыя была і на перамогу кітайскага плыўца Сунь Яна на дыстанцыі 400 метраў вольным стылем. Аўстралійскі плывец Мак Хортан выказаў сваё незадавальненне з гэтай нагоды:
“Я сказаў, што ён мухлюе з допінгам. Я такія словы выкарыстаў, таму што ў яго быў пазітыўны допінг-тэст. У мяне праблемы з тым, што спартсмены, якія трапляліся на допінгу, удзельнічаюць у спаборніцтвах”, — прыводзіць словы Хортана ВВС.
У 2014 годзе Сунь Яна на тры месяцы адхілялі ад спаборніцтваў за ўжыванне забароненага прэпарата трыметазідзіну.
Залаты медаліст у кіданні молата, паляк Павел Файдэк, на ўзнагароджанні чэмпіянату Еўропы сёлета ў ліпені не падаў рукі і не павіншаваў з сярэбраным медалём беларуса Івана Ціхана.
“Махляру рукі не падам”, — так тады патлумачыў гэты ўчынак Файдэк.
Нагадаем, пасля пекінскай Алімпіяды Іван Ціхан быў замешаны ў допінгавым скандале — у яго крыві выявілі павышаны ўзровень тэстастэрону. Яго пазбавілі бронзавага медаля і дыскваліфікавалі, але Спартыўны арбітражны суд прызнаў, што пробы браліся з парушэннямі, і ў 2010 годзе Ціхану ўрачыста вярнулі яго ўзнагароду пекінскай Алімпіяды.
Па ацэнках экспертаў, больш за 100 спартсменаў, якія змагаюцца сёння ў Рыа, у мінулым адбывалі дыскваліфікацыі за станоўчыя допінг-пробы.