Ізраіль вядзе перамовы аб перадачы Украіне батарэй Patriot — Financial Times

Уладзімір Зяленскі чакае Patriot

Уладзімір Зяленскі чакае Patriot / pap.pl

ЗША, Ізраіль і Украіна вядуць перамовы аб перадачы Кіеву да 8 амерыканскіх зенітных ракетных комплексаў Patriot, якія паказалі сваю эфектыўнасць у перахопліванні ўсіх тыпаў расійскіх ракет, уключна з найноўшымі, піша Financial Times.

Неназваныя крыніцы выдання сведчаць, што перамовы вядуцца на ўзроўні міністраў і іншых вышэйшых чыноўнікаў трох краін. Канчатковая дамоўленасць яшчэ не дасягнутая. Папярэдне абмяркоўваецца такая канфігурацыя здзелкі, пры якой Ізраіль прадасць свае Patriot старой мадэлі Злучаным Штатам, а тыя ўжо перададуць іх Украіне (і не абавязкова, што ўсе восем).

Вядома, што з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Ізраіль, у адрозненне ад яго заходніх саюзнікаў, стараўся захаваць адносіны з РФ і таму не аказваў Кіеву ніякай ваеннай дапамогі. Магчыма, адбылася змена гэтай палітыкі. Украіне ж крытычна не хапае сродкаў супрацьпаветранай абароны як у тыле, дзе расіяне ракетнымі ўдарамі знішчаюць энергасістэму, так і на фронце, дзе расійская авіяцыя асвоіла магутныя плануючыя авіябомбы. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прасіў у саюзнікаў яшчэ 7 комплексаў Patriot.

У красавіку Ізраіль паведамляў аб планах спісаць 8 комплексаў Patriot, якім больш за 30 гадоў, і замяніць іх больш новымі сістэмамі. Аднак іх яшчэ выкарыстоўваюць у вайне з ХАМАС. Да таго ж Ізраіль асцерагаецца поўнамаштабнай вайны з ліванскім праіранскім рухам "Хезбала".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі