"J:морс" прадае дыск рарытэтаў з аўкцыёну
Сродкі за адзіны экземпляр складанкі пойдуць на дапамогу 6-гадоваму Стасу Кірылаву.
Гурт "J:морс" выдае складанку рарытэтаў "Фотаздымкі 2003—2014" у адным экземпляры. На дыску сабраныя нявыдадзеныя песні, нечаканыя версіі вядомых кампазіцый і рэдкія неальбомныя запісы. Назву праекту дала песня "Фотаздымкі", запісаная для знакавага альбома "Босиком по мостовой" (2006), але ў апошні момант на яго не трапіла.
Эксклюзіўнае выданне прадаецца з аўкцыёну, а ўсе атрыманыя грошы пойдуць на лекі і дэльфінатэрапію для 6-гадовага Стаса Кірылава. Хлопчык нарадзіўся са шматлікімі паталогіямі, праз паўгода з сям’і сышоў бацька, таму цяпер хлопчыка і яго старэйшага брата гадуе маці. Пералічыць дапамогу ў адвольным памеры можна і без набыцця дыска, рахункі ўказаныя на старонцы аўкцыёну. Таргі скончацца раніцай 12 чэрвеня.
Пераможца таргоў будзе мець магчымасць эксклюзіўна вырашыць, ці з’явіцца гэтая складанка ў інтэрнэце.
“Пажадае — выкладзе ў сябе ў блогу альбо на сайце, пажадае — будзе слухаць вечарамі ў гордай адзіноце. Гэта будзе цалкам яго рашэнне. Іншых дыскаў з гэтай складанкай у продажы не будзе”, — адзначае лідар "J:морс" Уладзімір Пугач.
Цяпер гурт працуе над новым альбомам, выхад якога запланаваны на восень.