Каардынацыйная рада не падтрымала ідэю санкцый супраць бізнесоўца Машэнскага

Прадпрымальнік Аляксандр Машэнскі — уладальнік групы кампаній "Санта"

Прадпрымальнік Аляксандр Машэнскі — уладальнік групы кампаній "Санта"

Блогер Сяргей Пятрухін хоча, каб Каардынацыйная рада заклікала ўвесці санкцыі супраць мільянера Аляксандра Машэнскага і яго бізнес-структур. Гэтую прапанову ён агучыў 11 лютага на анлайн-пасяджэнні КР.

Пятрухін назваў Машэнскага "кашальком Лукашэнкі" і асобай, датычнай да выкарыстання рабскай сілы палітвязняў. Маецца на ўвазе, што "хімікі" ў Брэсцкай вобласці працуюць у калгасе, а малако з гэтага калгаса адпраўляецца на перапрацоўку ў бізнес-імперыю Машэнскага.

"Машэнскі актыўна будаваў рэжым разам з Лукашэнкам. За сваю лаяльнасць ён увесь час мае льготы ад рэжыму, увесь час "Санта-Брэмар" не плаціць падатак на прыбытак, калі прадае сваю прадукцыю на экспарт", — цытуе "Наша Ніва" словы Пятрухіна.

Большасць выступоўцаў раскрытыкавала прапанову блогера. Юрыст Міхаіл Кірылюк звярнуў увагу на тое, што санкцыі ўводзяцца за датычнасць да рэпрэсій і да вайны ва Украіне. Між тым датычнасць Машэнскага да гэтага не даказаная. Вадзім Пракоп'еў заявіў, што апазіцыі не трэба змагацца з прыватным бізнесам — ні з Машэнскім, ні з Аляксеем Жукавым з "Алютэха", ні з Аркадзем Добкіным з EPAM.

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава прапанавала Пятрухіну скласці дакумент з доказамі, каб усе дэлегаты маглі азнаёміцца з ім.

Аляксандру Машэнскаму належыць група кампаній "Санта", сярод якіх найбольш вядомыя — "Санта Брэмар", "Савушкаў", "Санта Рытэйл".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.