Каб атрымаць 5 млн заробку, кандуктар прадае па 7000 талончыкаў за месяц

На прыпынку "Вакзал" задаю пытанне кандуктарам: як тыя будуць правяраць аплату праезду, калі знікнуць папяровыя праязныя? Гэта ж з заўтрашняга дня! Застануцца толькі пластыкавыя карткі, якія трэба будзе прыкладаць да адмысловага прыстасавання — валідаваць — кожны раз пры ўваходзе ў транспарт. 

Кандуктарка тралейбуса № 3 Зоя Віктараўна шчыра не ўяўляе, як гэта будзе заўтра. Ведае толькі, што нікуды кандуктары пакуль не падзенуцца — будуць прадаваць талоны і далей.

"Я сама не разумею, бо правяраць праязныя мы не зможам. Гэтыя ж прыстасаванні (апараты для кантролю аплаты праезду — заўвага Еўрарадыё) толькі ў кантралёраў. Проста будзем прадаваць талоны", — кажа кандуктарка.

З пецярых кандуктараў, апытаных Еўрарадыё, ніхто не ведае, як праверыць аплату ў пасажыра з пластыкавымі карткамі.

"У мяне заўтра выхадны, таму разбяромся і будзем працаваць", — кажа яшчэ адна кандуктарка. Яна прадае талончыкі пасажырам і сама ж ходзіць да навамоднага кампосцера прабіваць кожнаму пасажыру яго талончык! Гэта не гадзіна-пік, а ўсяго толькі поўдзень.

Выйсце з сітуацыі знаходзяць кандуктары "соткі": гавораць, што кампосцераў на вялікі аўтобус мала, і проста надрываюць талончык, замест таго, каб цягнуцца да кампосцера праз пасажыраў. Самі пасажыры цягнуцца да звычайных механічных кампосцераў, абмінаючы навінку.

"Мо і будуць падманваць, як жа мы праверым? Заўтра акурат даражэе праезд, нам мо выдадуць паперку-інструкцыю, як дзейнічаць. Будзем вывучаць! ",— спадзяецца на лепшае кандуктар тралейбуса № 20 Людміла. Кажа, што, магчыма, кантралёры будуць завітваць да кандуктараў, каб праверыць пасажыраў. Па словах кандуктара, мінчукі не разумеюць, як дзейнічае дзіва-прыбор валідатар.

"Спрабуюць прыкладаць талончык да валідатара на ўваходзе, а не прабіваць у кампосцеры, пытаюцца, як гэта працуе, трэба тлумачыць. Столькі незадавальнення, столькі пытанняў, што проста няма калі працаваць!", — абмалёўвае карціну кандуктарка. За такімі размовамі Людміле трэба за месяц зрабіць план — прадаць талончыкаў на 26 мільёнаў, каб заробак быў каля 5 мільёнаў рублёў. Гэта 7 тысяч талончыкаў па новых коштах.

У прыёмнай Мінсктранса Еўрарадыё кажуць, што быццам бы кандуктары будуць працаваць толькі да жніўня. Да гэтага часу яны будуць прадаваць талончыкі і тлумачыць пасажырам, як карыстацца новай сістэмай аплаты.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара "Мінсктранса" Андрэя Паплёўкі, кандуктары пракантралююць аплату праезду ў пасажыраў з пластыкавымі праязнымі. Гэта даволі проста:

"Калі прыкладаеш праязны да валідатара першы раз, з'яўляецца надпіс "аплачана", а калі другі, на валідатары будзе паказвацца, ці да якога тэрміну дзейнічае праязны, ці колькі паездак засталося ў пасажыра. Гэта і будзе сведчыць: аплачаны праезд ці не", — кажа намдырэктара "Мінсктранс".

Але юрыдычна ў правілах праезду грамадскага транспорту нічога пра валідатары няма! Андрэй Паплёўка заўважае, што правілы распрацоўваюцца і рэкамендуе забіраць… чэк на аплату праезду, каб не было спрэчных сітуацый.

"Вы разумееце, і мы, "Мінсктранс", і пасажыры, вучымся. Гэтая сістэма ўводзіцца, каб абслугоўваць два тарыфы: за фактычна пройдзеныя адлегласці і разавыя талончыкі, што застануцца. Цяпер пераходны перыяд".

З боку такі падыход нагадвае сістэму ЖКГ – з дыфаплатай святла ды вады. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі