“Каб служыць альтэрнатыўна, закрыў бізнес і еду з жонкай за 510 кіламетраў"

“Каб служыць альтэрнатыўна, закрыў бізнес і еду з жонкай за 510 кіламетраў"

Дзмітрый — адзін з нямногіх, хто змог даказаць ваенкамату свае рэлігійныя перакананні і цяпер можа адслужыць тры гады на альтэрнатыўнай службе замест звычайнага войска. Праўда, не без праблем. Яму давялося прайсці праз чатыры суды, каб цяпер ехаць за 510 кіламетраў ад дома, пад Браслаў, разам з жонкай.

“Я хадзіў у ваенкамат з 18 гадоў. Потым мяне прызналі нягодным да службы, былі праблемы з сэрцам. Але потым я нібыта выздаравеў і праз тры гады зноў стаў годным. Потым я тлумачыў, што не магу служыць па сваіх рэлігійных перакананнях. За гэты час я ажаніўся, у мяне сям’я. Ваенкамат са мной судзіўся, я выйграў два крымінальныя працэсы і два адміністратыўныя. А потым нарэшце прынялі закон аб альтэрнатыўнай службе”, — апісвае сябра абшчыны “Сведкі Іеговы” Дзмітрый. У снежні ён ужо паедзе служыць.

Пакінуць жонку на тры гады за 510 кіламетраў ён не можа. Таму ёй давядзецца звольніцца з працы, а Дзмітрыю закрыць сваё ІП, бо альтэрнатыўшчык па законе не можа працаваць.

“Я пісаў хадайніцтва, каб пакінулі служыць у Рэчыцы. Тут ёсць лякарня, якая ўваходзіць у спіс месцаў, дзе альтэрнатыўшчык можа праходзіць службу. У адказе мне напісалі, што я нават не маю права нешта прасіць. Бо Мінпрацы само вырашае, куды мне ехаць”, — расказвае Дзмітрый.

У Мінпрацы такое далёкае размеркаванне для альтэрнатыўшчыкаў лічаць абсалютна нармальным.

“Прызыўнік таксама можа кудысьці далёка ехаць. А рашэнне такое прымаецца камісіяй”, — адказваюць Еўрарадыё ў Мінпарцы.

Але пераезд — гэта яшчэ не ўвесь спіс “платы” за альтэрнатыўную службу. Дзмітрый плануе прадаваць машыну, бо штомесячнае ўтрыманне альтэрнатыўшчыка — каля 270 рублёў у першыя месяцы. Дваім з жонкай не хопіць.

Закон “Аб альтэрнатыўнай службе” прынялі яшчэ ў 2015-м годзе, але працаваць ён пачынае толькі цяпер. Усяго па краіне вядома пра пяць альтэрнатыўшчыкаў, якія адслужаць такую службу першымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі