“Зачытваў біблію ваеннаму камісару”. Як дамагчыся альтэрнатыўнай службы

“Зачытваў біблію ваеннаму камісару”. Як дамагчыся альтэрнатыўнай службы

“Я два гады хадзіў у ваенкамат з заявай, каб дазволілі праходзіць альтэрнатыўную службу”, — распавядае адзін з першых “альтэрнатыўшчыкаў” Уладзіслаў. Ён — сябра абшчыны “Сведкі Іеговы”.

Каб дазволілі не ісці ў войска, Уладу давялося браць даведку ў абшчыне і нават зачытваць біблію камісару.

“Мяне раней хацелі адправіць у Слуцк служыць. Але па маіх перакананнях я не магу форму насіць і мець статус ваеннаслужачага. Адразу казаў пра гэта камісару. Да таго прыносіў даведку ад абшчыны, з пячаткай. Пры асабістай размове з камісарам нават зачытваў біблейскія вершы”, — расказвае Уладзіслаў.

Напрыканцы снежня ён паедзе служыць у Шчучын, за 250 кіламетраў ад дома, тры гады будзе працаваць у лясгасе. Пры гэтым у яго родны Салігорск, па інфармацыі Еўрарадыё, прыязджаюць альтэрнатыўшчыкі з іншых рэгіёнаў. Па законе, яму мусяць даць жыллё, раз на месяц будуць плаціць 150% пражытковага мінімуму, гэта каля 270 рублёў.

Яшчэ адзін альтэрнатыўшчык з Маладзечна ўжо пачаў працу ў доме-інтэрнаце для пажылых людзей у Ваўкавыску, за 245 кіламетраў ад дома. У Маладзечне таксама ёсць псіханеўралагічны інтэрнат, некалькі бальніц і паліклінік, дзе па законе могуць служыць альтэрнатыўную службу.

“Прыборка падсобных памяшканняў, прыборка смецця, мыццё вокнаў, дробны рамонт, мыццё бялізны, аказанне дапамогі, праца на агародзе”, — пералічваюць абавязкі альтэрнатыўшчыка ў адміністрацыі ваўкавыскага інтэрната.

Пакуль вядома толькі пра пецярых альтэрнатыўшчыкаў па ўсёй краіне. Хаця на такую службу хацелі пайсці адзінаццаць чалавек.

Закон аб альтэрнатыўнай службе прыняты Палатай прадстаўнікоў яшчэ ў 2015 годзе. Але служыць па ім пачынаюць толькі сёлета. Каб трапіць на такой від службы, прызыўнік мусіць даказаць, што не можа служыць у звычайным войску па рэлігійных перакананнях. Людзі без вышэйшай адукацыі служаць альтэрнатыўна тры гады, з дыпломам — два гады.

Чалавек, які праходзіць альтэрнатыўную службу, не можа працаваць у гэты час. Яго могуць прыцягваць да ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый. Таксама альтэрнатыўшчыку забаронена ўдзельнічаць у забастоўках.

Апроч знаходжання па-за казармамі, альтэрнатыўшчыкі могуць стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў падчас службы і год пасля яе.

“Умовы праходжання такой службы, мякка кажучы, некамфортныя. Тэрмін службы павялічаны ўдвая, незразумела, чым гэта абумоўлена. Тыя ж, хто служыць у рэзерве, маюць больш камфортныя ўмовы. Таму незразумела, чаму людзі, якія маюць нейкія перакананні, такім чынам дыскрымінуюцца”, — выказвае пытанні да закона “Аб альтэрнатыўнай службе” праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі