“Альтэрнатыўная служба ў Беларусі — гэта “хімія” для прызыўнікоў”

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе. Плануецца, што маладыя людзі, якія не захочуць ісці ў войска, змогуць працаваць у сферы сацыяльнай абароны, медустановах, лясной гаспадарцы і сферы ЖКГ.

“Гэта як удар пад дых, — каментуе падзею Міхаіл Пашкевіч, каардынатар кампаніі "За альтэрнатыўную службу", якая шмат гадоў прасоўвала закон беларускім уладам. — З аднаго боку, мы нарэшце маем гэты закон, а з іншага, у ім ёсць такая рэч, як магчымасць прыцягнуць прызыўніка да справы аб ухіленні ад службы на падставе трох вымоваў ад працадаўцы. Такія ж умовы выкарыстоўваюцца ў дачыненні да людзей, якія асуджаныя на “хімію”. Гэта значыць, што асуджаны чалавек, які дзесьці працуе і мае тры вымовы ад працадаўцы, можа быць адпраўлены ў турму. Таму я гэты закон бачу як такую “хімію” для прызыўнікоў, якія не пажадалі ісці ў войска”.

Праходзіць альтэрнатыўную службу будуць толькі тыя прызыўнікі, якія дакажуць, што не могуць ісці ў войска з рэлігійных перакананняў. Для людзей без вышэйшай адукацыі тэрмін складзе 36 месяцаў, а для выпускнікоў ВНУ — 2 года. То бок у два разы даўжэй, чым служба ў войску. Грашовае ўзнагароджанне плануецца ў памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу. На сёння гэты паказчык складае крыху больш за 1,5 мільёна.

“Даводзіць камусьці свае рэлігійныя перакананні — даволі суб’ектыўная справа, — абураюць Міхаіла прапісаныя падставы для атрымання магчымасці праходзіць альтэрнатыўную службу. — Можна было зрабіць як у той жа Расіі: груба кажучы, калі тваё сумленне не дазваляе праходзіць вайсковую службу і ты гэта даводзіш, то ідзеш служыць альтэрнатыўна. Тут ключавое слова — “перакананні”, а не “рэлігійныя перакананні”. То бок нават калі ты хочаш служыць у два разы даўжэй, чым у войску, і з такім заробкам, то для пачатку мусіш давесці, што маеш нейкія рэлігійныя перакананні. Мне падаецца, што гэта робіцца адмыслова, каб закон адразу не працаваў”.

Пасля прыняцця законапраекта дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Мяжуеў заявіў, што альтэрнатыўная служба не мусіць быць больш прывабнай, чым тэрміновая. Па ацэнках Генштаба, штогод колькасць грамадзян, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу, не перавысіць 80 чалавек. Міхаіл Пашкевіч катэгарычна не згодны з гэтым тэзісам і менавіта ў такім стаўленні бачыць асноўныя хібы закона.

“Мы ж усе трапляем у шпіталі, што дэпутаты, што простыя людзі, — тлумачыць пазіцыю каардынатар кампаніі "За альтэрнатыўную службу". — За людзьмі там сочаць санітары, якіх у нашай краіне не хапае каля тысячы. Гэты закон мог бы вырашыць пытанне. Я б глядзеў на гэты закон не з пункту гледжання прызыўніка: хачу-не хачу, а ўмоўна з пункту гледжання таго ж Тозіка, які цяпер змагаецца з дармаедствам. У краіне да халеры незакрытых працоўных месцаў, якія маглі б заняць прызыўнікі, калі б ім зрабілі больш прывабныя ўмовы”.

Кампанія "За альтэрнатыўную службу" і “Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend” прааналізавалі ўсе прыклады альтэрнатыўнай службы ў краінах Еўропы ды Азіі і зрабілі своеасаблівы мануал. Ён распаўсюджваўся сярод дэпутатаў і гэтага, і мінулага склікання, але, на думку Міхаіла Пашкевіча, так і не быў дасканала вывучаны.

Законапраект мусяць ухваліць у другім чытанні, пасля ў Савеце Рэспублікі, а далей ён трапіць на подпіс прэзідэнта. Затым трэба будзе чакаць яго афіцыйнага апублікавання, ад якога неабходна адлічыць яшчэ паўгода. Толькі тады ён набудзе моц. З улікам усяго гэтага альтэрнатыўная служба ў Беларусі з’явіцца не раней за другую палову 2015 года.

Фота: ИТАР-ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі