У наступным годзе ў Беларусі пройдуць сумесныя вучэнні АДКБ
Беларускія вайскоўцы на занятках, кастрычнік 2024-га
У наступным годзе ў Беларусі пройдуць сумесныя вучэнні Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (у АДКБ уваходзяць РБ, РФ, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Арменія, якая сёлета "замарозіла" свой удзел). Іх прызначылі на верасень. Пра гэта ў сераду стала вядома на сустрэчы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна і генеральнага сакратарам згаданай арганізацыі Імангалі Тасмагамбетава.
Вучэнні ў пачатку восені 2025-га пройдуць у тры этапы. Кожны з іх атрымаў асобную назву: першы — "Узаемадзеянне-2025", другі — "Пошук-2025", трэці — "Эшалон-2025". Іншай інфармацыі пра вучэнні АДКБ пакуль няма.
Нядаўна стала вядома, што Беларусь і Расія запланавалі на 2025 год сумесныя вучэнні "Захад-2025". Але іх дакладная дата невядомая. Верагодна, яны пройдуць раней за вучэнні АДКБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.