Кабякоў звольніў адразу шэсць намеснікаў міністраў
Урад вызваліў ад пасадаў шэраг намеснікаў міністраў згодна з пастановай Савета Міністраў ад 28 жніўня 2017 года №656 "Аб вызваленні некаторых службовых асоб". Пра гэтыя адстаўкі агенцтву БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ўрада.
У сувязі са скарачэннем штату работнікаў сваіх пасадаў пазбыліся намесніца міністра транспарту і камунікацый Наталля Жамойціна і намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Шастакоў.
Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч звольненая ў сувязі з пераводам да іншага наймальніка.
Іншыя пасады атрымаюць намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Рабаволаў і намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.
Толькі намеснік міністра аховы здароўя — дырэктар Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Валерый Шаўчук звольнены ў сувязі з выхадам у адстаўку.