Каго адправіць на Еўрабачанне-2018, каб не было сорамна? (відэа)
Белтэлерадыёкампанія аб'явіла прыём заявак на конкурс "Еўрабачанне-2018". Згодна з палажэннем, апублікаваным на сайце кампаніі, адборачны тур пройдзе не пазней за 14 студзеня. У фінале могуць выступіць да 15-ці артыстаў. Вызначаць прадстаўніка Беларусі на конкурсе будуць, як і летась, і журы, і гледачы. Пераможца будзе вядомы да 1 сакавіка. Паралельна з гэтай навіной з’явілася і яшчэ адна, але з Расіі. Філіп Кіркораў збіраецца выступіць на сёлетнім "Еўрабачанні" ў якасці прадзюсара і рыхтаваць да конкурсу ўдзельніка "адной сяброўскай краіны", прычым, плануецца, што яго каманда зробіць усё магчымае для бліскучага нумара — ад песні да пастаноўкі". Цалкам верагодна, што гаворка вядзецца пра Беларусь, тым больш, дагэтуль Кіркораў прадзюсаваў выступы на "Еўрабачанні" Анжалікі Агурбаш і Дзмітрыя Калдуна.
Дык хто ж прадставіць Беларусь на міжнародным песенным конкурсе гэтым разам, ці варта прыцягваць да падрыхтоўкі песні ды нумара замежных спецыялістаў, ці ёсць розніца, на якой мове спяваць і якія грошы выдаткоўваць, абмеркавалі з прома-менеджарам Naviband на Еўрабачанні-2017 Сяргеем Андрыянавым.