Калгасы абрадаваліся “прыгоннаму” дэкрэту, пра які казаў Лукашэнка
Але не ведаюць, дзе возьмуць грошы на дэкрэтныя прэміі сялянам.
Кіраўнік дзяржавы пагражае ўвесці прыгоннае права для сялян, маўляў каб палепшыць стан сельскай гаспадаркі — нават дэкрэт нібыта падрыхтаваны
"Я стаўлю пытанне жорстка таму, што на стале дэкрэт, пра які я казаў раней. Учора мне яго на стол паклалі, ну, скажам прама, “прыгоннага права” — кажа кіраўнік дзяржавы.
А што думаюць на гэты конт ў калгасах ды саўгасах, дзе не хапае людзей.
У вакансіях на сайце Мінпрацы сельгаспрадпрыемству “Глыбачаны” патрэбныя адразу пяць трактарыстаў. Прадпрыемства ва Ушачскім раёне, ім кіруе Сяргей Кірпічонак. Той карыстаецца момантам, запрашае спецыялістаў на іншыя вакансіі.
“Нам яшчэ бухгалтар, заатэхнік, даяркі патрэбныя! У мяне 16 адзінак тэхнікі, а механізатараў толькі восем чалавек! Моладзь адпрацавала два гады, і сыходзіць, застаюцца пенсіянеры — яны на пенсію”, — кіраўнік скардзіцца на заробак ў 2,7-3 мільёны, адсутнасць жылля. Таму ніхто на вёсцы заставацца не хоча.
Магчымае прыняцце так званага “прыгоннага” дэкрэта прэзідэнта кіраўнік “Глыбачан” ўспрымае пазітыўна. Нагадваем яму пра падобны дэкрэт па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Там звольненыя супрацоўнікі павінны вярнуць прадпрыемству грошы, якія атрымалі ў якасці прэміі. Гэта дырэктара здзіўляе: дзе ўзяць грошы на прэміі?
“Ну, няхай выплачу аднаму-тром, а астатнім дзе ўзяць грошы?! (задумваецца) Тады трэба падымаць закупачныя кошты. Жывем з мяса, з малака, рапсу, зерня. А што калі літр малака цяпер каштуе 4400, а літр бензіну ўжо 10 000! Мне трэба два літры малака прадаць, каб літр паліва купіць”, — кіраўнік сяльгаса Сяргей Кірпічонак прапануе свой спосаб, пакінуць моладзь на сяле.
“А мо, каб выпускнікам зрабіць не два гады адпрацоўкі, а пяць? За два гады, канечне, ён з’едзе, а за пяць — гэта бабка надвое сказала, а мо ажэніцца за гэты час, тады нікуды не падзенецца”, — забівае адным махам двух зайцаў кіраўнік. І праблему з кадрамі вырашае, і насельніцтва сяла павялічвае.
У які калгас ні патэлефануй, паўсюль патрэбныя аператары машыннага даення, заатэхнікі, механізатары ды аграномы. Толькі за апошнія тры тыдні на сайце Мінпрацы Еўрарадыё знайшло 290 вакантных месцаў даярак!
Дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы жывуць па “прыгонным” дэкрэце больш за паўтара года. У начальніка прафсаюзаў “Барысаўдрэва” Наталлі Іванаўны пытаюся, ці скардзяцца работнікі на немагчымасць звольніцца?
“Уся шуміха была толькі ў інтэрнэце, у нас нармальна ўспрынялі гэтую сітуацыю. І калі трэба звальняцца, звальняюцца. Многія сышлі, бо не займалі пасаду згодна з кваліфікацыяй, п'яніц звальняем”, — кажуць тут, і заўважаюць, што затое работнікі атрымліваюць прэмію — да 1,8 мільёна да заробку, на прадпрыемстве павысілася дысцыпліна і засталіся толькі “ідэйна вытрыманыя людзі”! Калі чалавек звальняецца не па аб’ектыўных прычынах, напрыклад, парушае дысцыпліну, тады “дэкрэтныя прэміі” гэты работнік вяртае”.
Пра спакой і ўсеагульную гармонію мне кажуць на “Мастоўдрэве”. Па словах краўніка прафсаюза Валерыя Палішэвіча, ніякіх скаргаў на “прыгоннае права” няма і не было.
Еўрарадыё: А што, так проста звольніцца нельга?
Валерый Палішэвіч: Ну як вы "так проста будзеце звальняцца"?
Еўрарадыё: Звычайна пішуць па асабістым жаданні...
Валерый Палішэвіч: Не, ну так нельга — па пагадненні бакоў, ці яшчэ як. Але з гэтым праблем няма ў нас ніякіх!
За пяць месяцаў на “Мастоўдрэве” з 2000 супрацоўнікамі, звольнілася 74 чалавекі.