Каменданцкая гадзіна ў Глыбоцкім раёне аказалася вучэбнай

Каменданцкая гадзіна ў Глыбоцкім раёне аказалася вучэбнай

Вечарам 14 верасня на сайце Глыбоцкага райвыканкама з'явілася інфармацыя аб увядзенні каменданцкай гадзіны і спасылка на Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ваенным становішчы" . Аднак ужо сёння гэтая навіна знікла. У Глыбоцкім райвыканкаме патлумачылі, што гэта было вучэбнае паведамленне:

"Усё гэта адбываецца ў межах вучэнняў "Захад-2017". Наш раён праходзіць вучэнні ў межах тэрытарыяльнай абароны. Гэтая інфармацыя была размешчаная ў мэтах адпрацоўкі інфармавання насельніцтва,— тлумачыць кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і СМІ Людміла Карніловіч. — Абмежаванні, якія прадугледжвае каменданцкая гадзіна, не ўводзіліся. Ніякіх абмежаванняў на перамяшчэнне насельніцтва ў горадзе і раёне не было. Усё гэта мела вучэбны характар".

Каменданцкая гадзіна — устаноўлены час, на працягу якога грамадзянам забараняецца знаходзіцца па-за жыллём, перамяшчацца паміж населенымі пунктамі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх асобу, і пропускаў для знаходжання грамадзян па-за жыллём і перамяшчэння паміж населенымі пунктамі. Калі аб'яўленае ваеннае становішча, то ўводзіць каменданцкую гадзіну могуць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя ўстановы, а таксама мясцовыя саветы абароны. Ваеннае становішча ў Беларусі ўводзіць можа толькі прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ваенным становішчы"

Вучэнні "Захад-2017" пачаліся 14 верасня і працягнуцца да 20-га. У іх бяруць удзел каля 13 тысяч чалавек: каля 7,2 тыс. з Беларусі, 5,5 тыс. — з Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі