Камерцыйны шпіён з Брэста скраў банкаўскую базу з крэдытнымі дамовамі
Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу аб камерцыйным шпіянажы, паведамляе прэс-служба СК.
Напрыканцы кастрычніка 2020 года 31-гадовы брастаўчанін улез у камп'ютарную базу з крэдытнымі дагаворамі аднаго з банкаў. Мужчына скапіяваў звесткі пра атрымальнікаў крэдытаў. Потым гэтую базу ён прадаў за 4000 долараў.
Следчыя выявілі, што пакупніка ён знайшоў у сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Там брастаўчанін стварыў фэйкавую старонку, каб заставацца ананімным. Для перадачы звестак зламыснік выкарыстаў свайго знаёмага, які не ведаў пра гэтую дзейнасць.
На допыце мужчына расказаў, што доступ да інфармацыі атрымаў, калі працаваў у камерцыйных арганізацыях у Гродне. Звесткі, якія з'яўляюцца банкаўскай таямніцай, ён прадаў, бо былі патрэбныя грошы на ўтрыманне сям'і.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.