Канада пашырыла санкцыі супраць беларускага рэжыму
Канада пашырыла санкцыі супраць афіцыйнага Мінска / pexels.com
Канада пашырыла санкцыі супраць беларускага рэжыму ў адказ на няспынныя парушэнні правоў чалавека і саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных спраў Канады.
У "чорны спіс" трапілі чыноўнікі, суддзі, прапагандысты, вайскоўцы, афіцэры ўнутраных войскаў МУС, а таксама кампаніі ваенна-прамысловага комплексу.
МЗС Канады падкрэслівае, што ўводзіць санкцыі паралельна з такімі ж санкцыямі саюзнікаў, уключаючы Еўрасаюз, ЗША, Вялікабрытанію і Новую Зеландыю.
"Канада будзе працягваць працаваць са сваімі партнёрамі, каб галасы народа Беларусі былі пачутыя, і прыцягнуць да адказнасці тых, хто нясе адказнасць за падрыў дэмакратыі, задушэнне свабоды СМІ, парушэнне правоў чалавека і падтрымку жорсткай агрэсіўнай вайны Пуціна супраць Украіны", — заяўляе МЗС.
Як паведамляла Еўрарадыё, сёння ж санкцыйны спіс супраць афіцыйнага Мінска пашырылі і Злучаныя Штаты. У яго ўвайшлі 11 чалавек і пяць арганізацый, у тым ліку авіякампанія "Белавія" і Беларускі металургічны завод.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.