Літва расказала, як беларускія кампаніі спрабуюць абысці санкцыі
Грошы / pixabay, фота ілюстрацыйнае
Агульная сума актываў Беларусі і Расіі, замарожаных у Літве ў сувязі з санкцыямі, перавысіла 103 млн еўра. Такія дадзеныя прыводзіць літоўская Служба па расследаванні фінансавых злачынстваў, якая ажыццяўляе нагляд за прымяненнем міжнародных фінансавых санкцый.
З гэтых сум каля траціны — беларускія актывы.
"У сувязі з абмежавальнымі захадамі адпаведна сітуацыі ў Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расіі супраць Украіны ў цяперашні час замарожаныя сродкі на рахунках 6 юрыдычных і 1 фізічнай асобы на агульную суму 23,710 млн еўра і 7,680 млн долараў ЗША", — гаворыцца ў паведамленні Службы.
Эксперты адзначаюць тэндэнцыі ўхілення ад санкцый. Адзін з асноўных кірункаў — імкненне ўвозіць у краіну агрэсара санкцыйныя тавары.
Часцей за ўсё ў абыход санкцый спрабуюць працаваць кампаніі, якія даўно былі зарэгістраваныя ў Літве і маюць шматгадовы досвед супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй. Часам наглядныя органы заўважаюць плацяжы, якія паступаюць на адрас такіх кампаній ад нядаўна зарэгістраваных замежных партнёраў.
"Для апошніх уласціва тое, што яны не маюць уласнай маёмасці, рэалізуюць прадукцыю, не характэрную для раёна дзейнасці: напрыклад, кампанія, створаная ў рэдкалеснай мясцовасці, пачынае займацца лесанарыхтоўкамі ў вялікіх аб'ёмах", — тлумачаць у наглядных органах.
Яшчэ адзін падазроны выпадак — калі згодна з паданым дакументам экспартаваныя/імпартныя тавары ідуць па эканамічна нявыгадным з гледжання лагістыкі маршруце.
Таксама адзначаецца, што асобы і арганізацыі, якія знаходзяцца пад санкцыямі, ведаючы, што іх актывы могуць быць замарожаныя, спрабуюць схаваць сапраўднага бенефіцыяра за складанасцю карпаратыўных арганізацыйных структур.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.