Кандыдаты ў дэпутаты абяцаюць тое, што ўжо і так робіцца

Арцём Вілюха абяцае змагацца з ушчыльненнем забудовы Мінска. З гэтым ужо пачалі змагацца на ўзроўні кіраўніка краіны. Таксама кандыдат абяцае прыкласці намаганні для вырашэння наступнай задачы: будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне "Усходні". Справа добрая, тым больш, што доктар працуе ў суседняй паліклініцы і разумее неабходнасць у яшчэ адной.

Але мэр Мінска Мікалай Ладуцька загадаў пабудаваць гэтую паліклініку яшчэ летась:

"Да 1 верасня 2013 года камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама даручана вызначыць зямельны ўчастак для будаўніцтва шматпрофільнай паліклінікі у мікрараёне ўсходні".

Відаць, будаўніцтва зацягваецца, таму без дэпутацкага ўплыву тут ніяк.

Кандыдатка Ірына Дрозд абяцае пасля абрання дамагчыся капітальнага рамонту стадыёна школы нумар 96. Працуе яна дырэктаркай гэтай самай школы. Чаму ж не дамагчыся рамонту ў якасці дырэктара?

"Былі іншыя рамонты, да гэтага не дайшлі рукі. Старому будынку 50 гадоў, вырашалі першасныя пытанні, стадыён не быў настолькі вострай праблемай. Калі нават не абяруся дэпутатам, то буду ініцыяваць гэтае пытанне, каб зрабіць стадыён".

А вось кандыдатка Ала Марцішэвіч абяцае надаць увагу паліклініцы № 16, якая патрабуе рамонту, далейшае пераабсталяванне і камплектацыю медыцынскімі кадрамі. Працуе кандыдат галоўным ўрачом гэтай паліклінікі з 2008 года.

Гендырэктар таварыства “Белсантэхмантаж-2” Валерый Даніловіч абяцае паклапаціцца пра людзей. Калі стане дэпутатам, заняцца пытаннем жылога фонду, абсталявання двароў і дзіцячых пляцовак, парковак. Але ці немагчыма гэта зрабіць у якасці дырэктара таварыства?

"Дырэктарам я зраблю толькі ў сваім таварыстве. Да і часам нават унутры раёна не можам знайсці разуменне з тым жа МНС. А так, можна недзе нешта хутчэй прабіць".

А цяперашні дэпутат Мінгарсавета Георгій Атаманаў на другім тэрміне збіраецца стварыць “эканамічна абгрунтаваныя і юрыдычна вывераныя умовы для стабільнай працы сталічных вытворчых прадпрыемстваў і сферы абслугоўвання, ажыццяўляць кантроль і персанальную адказнасць службовых асоб за якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, захаванне працоўных месцаў і годнага заробку аплаты працы работнікаў”.

Магчыма, на другім тэрміне гэта атрымаецца.

А вось кандыдат Максім Гацак абяцае адмяніць рэкламу гарэлкі пад выглядам вады.

Але з гэтым ужо пачаў змагацца Мінгандль. На ТБ забаранілі рэкламу пітной вады "Сябры". А ў 2014 годзе у закон "Аб рэкламе" плануюць унесці змены і забараніць рэкламу гарэлкі пад выглядам вады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі