Капітан Гаўрылаў у судзе расказаў, як страляў у брастаўчаніна Шутава

Капітан Гаўрылаў у судзе расказаў, як страляў у брастаўчаніна Шутава

У Брэсце пачаўся суд па справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў падчас жнівеньскіх пратэстаў.

Кардзюкоў — падсудны, яго  вінавацяць у замаху на жыццё вайскоўцаў. Пацярпелымі па справе праходзяць вайскоўцы часці №89417 (сілы спецыяльных аперацый) у Мар’інай Горцы капітан Раман Гаўрылаў і Галіцын, перадае Радыё "Свабода".

Менавіта ад стрэлу капітана Гаўрылава загінуў Генадзь Шутаў.

Паводле матэрыялаў справы, увечары 11 жніўня Шутаў і Кардзюкоў нападпітку пачалі канфлікт з вайскоўцамі Гаўрылавым і Галіцыным, якія былі ў цывільнай вопратцы і мелі пры сабе пісталеты Макарава. У Кардзюкова быў абрэзак металічнай трубы. Следства сцвярджае, што Кардзюкоў і Шутаў "мэтанакіравана падышлі да Гаўрылава і Галіцына", пасля чаго Кардзюкоў стукнуў Гаўрылава металічнай трубой, а потым кінуў трубу ў Галіцына. Па словах пракурора, брастаўчаніна хацеў забіць аднаго з вайскоўцаў.

Бок абвінавачання заяўляе, што капітан Гаўрылаў, абараняючыся, спярша стрэліў у паветра, а потым хацеў стрэліць Генадзю Шутаву "ў вобласць левага перадплечча". Аднак пасля ўдару трубой капіан, маўляў, не змог сканцэнтравацца, таму пацэліў Шутаву ў патыліцу.

Гаўрылаў на судзе паведаміў, што спрабаваў аказаць Шутаву першую дапамогу, дапамагаў адправіць яго разам з машынай "хуткай дапамогі".

Як вядома, Шутава спрабавалі выратаваць у Брэсце і Мінску, але праз некалькі дзён ён памёр ад раны.

Кардзюкоў сваю віну катэгарычна не прызнае. Ён пагаджаецца, што ў вечар трагедыі быў нецвярозы і пайшоў з Шутавым паглядзець пратэсты на свае вочы. Па дарозе знайшоў кавалак трубы і ўзяў "для самаабароны". На лаўцы каля дома на вуліцы Маскоўскай яны пабачылі двух маладых хлопцаў у цывільным і падышлі да іх пагаварыць.

"Мы не ведалі, што гэта вайскоўцы, яны былі ў цывільным. Спыталі ў іх, што тут адбываецца. Адразу пасля гэтага пачаўся канфлікт. Адзін з вайскоўцаў ударыў мяне, я, падаючы, ударыў яго па сцягне трубой. Галіцын і Гаўрылаў пачалі адступаць ад нас спінамі ўперад, дасталі пісталеты і крычалі: "Тварам уніз, уроды, завалю!" — расказаў на судзе Кардзюкоў.

Мужчына заяўляе, што не біў вайскоўца першым, тым больш — па галаве трубой. Пасля першага стрэлу ён, па яго словах, кінуў трубу і пачаў уцякаць. Аднак ён бачыў, як Шутаў станавіўся на калені спінай да Гаўрылава і Галіцына, пасля чаго пачуў яшчэ адзін стрэл.

"Я ведаў пра сутычкі з АМАПАм у Брэсце ў папярэднія дні. Па горадзе хадзілі чуткі, што АМАП страляў у людзей, кідаў гранаты. З боку Галіцына ў мой бок таксама быў стрэл. Калі б я не ўцёк адтуль, то быў бы застрэлены гэтаксама, як і Генадзь Шутаў", — заявіў на судзе Кардзюкоў.

На судзе прысутнічае дачка Генадзя Шутава. Яна заявіла, што хоча дамагчыся апраўдання свайго загінулага бацькі.

Дарэчы, сёння Следчы камітэт паведаміў, што не знайшоў крыміналу ў смерці гамельчука Аляксандра Віхора. Хлопца затрымалі ў Гомелі падчас хапуна, у аўтазаку яму стала кепска. Аднак міліцыянты вырашылі завезці яго ў псіхіятрычны шпіталь. Там дактары разабраліся, што Віхор не іх пацыент, і перанакіравалі яго ў бліжэйшую лякарню. Аднак туды хлопца прывезлі ўжо ў стане клінічнай смерці, уратаваць яго не змаглі. У СК заявілі, што Віхор памёр ад ратоўнага абвастрэння захворванняў, але перад гэтым на стан здароўя, маўляў, не скардзіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі