Капскі: "Зачыстку" складу БАТЭ маглі зрабіць у траўні, але я баяўся (відэа)

Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі даў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 5". У ім ён паспрабаваў падвесці вынік выступленню БАТЭ ў сезоне 2013 года, прызнаў памылкі, якія дапусціў і якія маглі паўплываць на гульню каманды.



Як вядома, сёлета БАТЭ праваліў сваё выступленне ў адборы Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы малавядомаму карагандзінскаму "Шахцёру". У чэмпіянаце Беларусі барысаўчане доўгі час адставалі ад лідара — салігорскага "Шахцёра" — і дагналі яго толькі бліжэй да фінішу.



Анатоль Капскі прызнае, што БАТЭ сёлета не быў адзінай камандай — толькі "асобнымі гульцамі". Прычым многія з іх не былі гатовыя "рыць зямлю" і нешта даказваць. Да таго ж некаторыя былыя футбалісты БАТЭ, якія вярталіся пасля не вельмі ўдалых выступленняў за іншыя каманды, пачалі лічыць сябе "зоркамі". У іх не было элементарнай павагі да гульцоў менш раскручаных, асабліва маладых.



"У канцы траўня збіраўся ўвесь трэнерскі штаб, збіралася кіраўніцтва клуба, — распавядае Анатоль Капскі. — І ў нас былі відавочнымі пэўныя рашэнні. І мы павінны былі тады развітацца з пэўнай групай футбалістаў... Шчыра кажучы, я на тым сабранні аказаўся ў меншасці. Таму што я быў прыхільнікам таго, што не трэба, скажам, займацца шокавай тэрапіяй. Таму што бясконцыя адныя і тыя ж прыёмы могуць прывесці ў нікуды...



Я думаў, што гэта ў пэўнай ступені падтрымае хлопцаў — яны бачылі настроі большасці з кіраўніцтва клуба. Я думаў, што такі давер падтрымае і акрыліць хлопцаў. На жаль, не спрацавала. І зусім магчыма, калі б мы тады прынялі гэтыя рашэнні, то мы не гаварылі б і пра няўдачы ў еўракубках, і аб усім астатнім".



Капскі прызнаў, што яму страшна было прызнацца самому сабе, што большасць у траўні мела рацыю, а ён не меў. "З кропкі гледжання эмоцый я быў часам жорсткім, але я не быў жорсткім з кропкі гледжання рашэнняў", — кажа старшыня праўлення ФК БАТЭ.



З іншага боку, ён выказвае засцярогу, што калі б у траўні "пачалі махаць шашкай, гэта быў бы шок" і БАТЭ мог бы "згубіць чэмпіянат".


Капскі кажа, што давярае новаму галоўнаму трэнеру Аляксандру Ермаковічу. Паводле яго слоў, апошняму патрэбны будзе "жорсткі менеджар". Што да каманды, дык яе "давядзецца збіраць".



"Калі хтосьці ў нас вернецца з арэндаў, яны дакладна павінны разумець, што іх вярнулі з арэнды, не выкупілі і трэба тут, прабачце, поўзаць на задніцы. І рыць зямлю. Тады ў нас будзе каманда і будзе вынік", — сказаў Анатоль Капскі.

Фота — nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі