Карэспандэнта "Газеты Слонімскай" выклікаюць на допыт у міліцыю
Язэп Палубятка / www.racyja.com
Уласнага карэспандэнта недзяржаўнай "Газеты Слонімскай" у Мастах (Гродзенская вобласць) Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю на допыт. 19 сакавіка ў яго кватэру прыйшлі двое супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС і ўручылі яму позву з патрабаваннем з'явіцца 22 сакавіка ў 11:00 у міліцыю. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У позве не пазначана, у якой якасці і па якой справе Язэпа Палубятку выклікаюць у міліцыю. Вусна журналісту патлумачылі, што гэта звязана з яго публікацыямі ў тэлеграм-каналах. Аднак Палубятка кажа, што на яго кампутары і тэлефоне тэлеграм увогуле не ўсталяваны, і таму ён ніколі нічога туды не пісаў.
"Я, вядома, не адмаўляюся ісці ў панядзелак у міліцыю. Але паколькі нават гэтая позва складзеная з парушэннем заканадаўства, дык спачатку я наведаюся ў пракуратуру з заявай, а потым ужо пайду ў міліцыю", — каментуе ён. Таксама ён склаў заяву на імя начальніка міліцыі Мастоў. Палубятка просіць удакладніць свой прававы статус да таго, як адбудзецца допыт, каб ведаць, як працаваць з адвакатам.
У апошнія дні беларускія сілавікі прыкметна актывізаваліся. У прыватнасці, 19 сакавіка яны правялі некалькі ператрусаў у журналістаў, якія падчас пратэстаў затрымліваліся і былі асуджаныя па артыкуле КаАП аб масавых акцыях. Праваабаронцы звязваюць гэтую актыўнасць з намерам апазіцыі арганізаваць шматлюднае святкаванне Дня Волі 25 сакавіка 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.