Карпенка распавёў, як зменяцца выпускныя экзамены ў школах
Ігар Карпенка
Выпускныя іспыты ў школах могуць змяніцца ўжо ў 2023 годзе, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.
Кодэкс аб адукацыі унесены ў парадак дня восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Калі дэпутаты ўхваляць дакумент, а затым яго зацвердзіць Савет Рэспублікі і падпіша кіраўнік дзяржавы, то "хутчэй за ўсё такая атэстацыя магчымая з 23-га года", сказаў Карпенка.
Гаворка ідзе аб тым, каб сумясціць выпускныя экзамены ў школах і ўступныя выпрабаванні ў вну. Зараз школьнікі вымушаныя асобна рыхтавацца да школьных іспытаў і да ЦТ. Рэформа прадугледжвае "сумясціць экзамены, каб разгрузіць вучня", патлумачыў міністр.
Экзамен прапануюць назваць нацыянальным і праводзіць у пунктах тэставання.
11-класнікі будуць здаваць такі нацыянальны экзамен па беларускай або рускай мове на выбар і па матэматыцы. Адзін вусны экзамен трэба будзе здаць у школе. Гэта будзе экзамен па замежнай мове. Адзначым, што ў сапраўдны момант выпускнікі пішуць пераказ па рускай або беларускай мове, кантрольную па матэматыцы і здаюць вусныя экзамены па замежнай мове і па гісторыі. Ці пакінуць экзамен па гісторыі пасля рэформы так і засталося не зразумелым. Карпенка яго не згадаў.
Міністр таксама распавёў, што тыя, хто вучацца на базавым узроўні, будуць здаваць два тэставанні: мову і матэматыку. Акрамя таго, у іх яшчэ будзе "экзамен з прысваеннем кваліфікацыі па працоўным навучанні" – гэта ў тых выпадках, дзе школьнікі атрымліваюць яшчэ і нейкую прафесію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.