Касцюгова: Расійскія карпарацыі ўплываюць на беларускую палітыку
27 верасня у Варшаве падчас канферэнцыі АБСЕ адбыўся круглы стол: “Беларускі штогоднік 2012: Вялікая сцюжа”.
Арганізатарам круглага стала стала Бюро салідарнасці з Беларуссю і агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы, сайт “Наше мнение”, Нямецкі фонд Маршала Злучаных Штатаў.
Падчас круглага стала былі абмеркаваныя асноўныя тэмы і тэндэнцыі, якія закранае “Беларускі штогоднік 2012”. Гаворка вялася пра дэфіцыт тэхнічных і кадравых рэсурсаў Беларусі, пра вяртанне эканамічнай і знешнепалітычнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Таксама вялася гаворка пра відавочны рост праеўрапейскіх настрояў у грамадстве, зніжэнне жадання інтэграцыі з Расіяй, скарачэнне сацыяльных абавязанняў дзяржавы, зніжэнне ўзроўню даверу да ўладаў, крызіс дзяржаўнай палітыкі.
Палітолаг Валерыя Касцюгова выказала меркаванне, што расійскія карпарацыі ўплываюць на прыняццё палітычных рашэнняў, у тым ліку і ў Беларусі:
Касцюгова: "Раней Аляксандр Лукашэнка і Крэмль вырашалі палітычныя пытанні — і прыватныя і дзяржаўныя карпарацыі вымушаныя былі выконваць іх рашэнні, нават у тых выпадках, калі карпарацыям не было выгадна. Цяпер магчымасці Лукашэнкі рэзка звужаюцца, таму ў стратэгічным сэнсе ён не прымае ўжо ніякіх рашэнняў. Беларускі бок увесь час знаходзіцца ў напружанні, бо залежыць ад кароткатэрміновых траншаў. І на цяперашні момант палітычнага рашэння не дастаткова, каб усталяваць, скажам, кошты на газ".
У дыскусіі таксама прынялі ўдзел палітолагі Павел Усаў, Андрэй Ягораў і рэдактар “Беларускага штогодніка” Анатоль Панькоўскі.
Фота — gazetaby.com