Кастуся Жукоўскага за супрацу з "Белсатам" аштрафавалі дзясяты раз за год
Журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі за неакрэдытаваную супрацу з тэлеканалам "Белсат" на 690 рублёў (30 базавых велічыняў). Такое рашэнне прыняў суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Нагодай для суда стаў сюжэт, паказаны 3 кастрычніка на тэлеканале "Белсат" пад назвай "40 градусаў, пагрозы і вада з туалета. Працаўнікі гомельскага "Каштана" пра невыносныя ўмовы".
Суд аштрафаваў Жукоўскага, хаця той паказаў даведку з "Белсата", што не з'яўляецца штатным супрацоўнікам тэлеканала.
Для гомельскага журналіста-фрылансера гэта ўжо дзясятае пакаранне сёлета. Агульная сума штрафаў Жукоўскага перавысіла 9 тысяч рублёў.
Сёлета на яго склалі каля двух дзясяткаў пратаколаў за відэаздымкі, якія выкарыстоўваў польскі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Толькі адзін са штрафаў, вынесены Жлобінскім раённым судом, быў адменены вышэйшай судовай інстанцыяй.