Катоў замыкаюць, гракоў вешаюць на дрэве: чаму вінаватых не караюць?

Выпадак першы: у падвале мінскага дома па вуліцы Лынькова аказаліся без магчымасці выбрацца бяздомныя каты. Так у таварыстве ўладальнікаў адрэагавалі на скаргі жыхароў:

"Завяліся каты, кожныя тры месяцы ў іх кацяняты. У падвале смурод. Мы паставілі краты, а не замуравалі іх там. Яны праз краты выйсці не могуць. Адно акно мы пакінулі, дачакаліся, калі яны выйшлі, і закрылі гэтае акно. Адзін кот застаўся, але я яго ўжо не бачна, можа, выйшаў".

Але ў абаронцаў жывёл іншая версія: катоў замуравалі, што падпадае пад "жорсткае абыходжанне з жывёламі" і караецца адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасцю.

Кот у падвале на Лынькова ў Мінску

Выпадак другі: у Маларыце Брэсцкай вобласці камунальшчыкі прыкруцілі грака дротам да дрэва дагары нагамі. Па іх сведчаннях, так вырашылі адпужнуць іншых птушак, а грак быў ужо мёртвы.

"Брэсцкі камітэт прыродных рэсурсаў правёў праверку і паведаміў, што камунальшчыкі знайшлі гракоў на палігоне камунальных адкідаў, — апісваюць у "Ахове птушак Бацькаўшчыны", — адміністрацыйны працэс скончаны, бо не выявілі факту жорсткага абыходжання з жывёламі".

У выніку ні хто забіў птушак, ні хто прымацаваў іх дротам да дрэва, не высветлілі, не прызначылі і адміністрацыйнага пакарання за здзек, не кажучы аб крымінальным.

Прывязаны дротам грак у Маларыце

Крымінальная адказнасць за здзек з жывёл існуе ўжо 3 месяцы, але пакаранняў па гэтым артыкуле няма. Працуе толькі адміністрацыйная адказнасць: жыхар Віцебску ў сакавіку атрымаў 5 сутак, бо застрэліў шчанюка. А на Мастоўшчыне паляўнічага, які пастраляў сабак, таксама пакаралі па адміністрацыйным артыкуле за здзек з жывёл. Усе выпадкі здарыліся яшчэ да прыняцця крымінальнай адказнасці.

"Артыкул увялі, але трэба час, каб ён пачаў працаваць. Мы падавалі заяву па выкінутым шчанюку ў Чыжоўцы, але атрымалі адмову, бо не знайшлі вінаватага, — апісвае старшыня таварыства абароны жывёл "Эгіда" Вераніка Ханцэвіч. — Цяпер ідзе распрацоўка законапраекта, які патлумачыць дадатковыя пункты. Атрымліваецца, артыкул за жорсткае абыходжанне ёсць, але няма канкрэтнага тлумачэння. Напрыклад, факт замуравання ў падвале — гэта жорсткае абыходжанне".

Закон аб абыходжанні з жывёламі Палата прадстаўнікоў разгледзіць толькі ў лістападзе. Але крымінальная адказнасць мусіць прымяняцца ўжо, тлумачыць дэпутат палаты Прадстаўнікоў, сябра пастаяннай камісіі па заканадаўству Наталля Гуйвік:

"Усё напрацоўваецца практыкай і прымяненнем гэтага закона. На сёння, мне падаецца, ужо ёсць такія адкрытыя справы. Пасля прыняцця закона Вярхоўны суд дасць тлумачэнні. Што такое жорсткае абыходжанне, што такое цынізм, гэта ўжо прымяняецца на практыцы. База ўжо напрацаваная, але ўсё ўладкуецца, калі пройдзе некалькі крымінальных спраў".

Следчы камітэт на сёння расследуе тры крымінальныя справы з нагоды жорсткага абыходжання з жывёламі. Судоў і пакаранняў пакуль не было.

Фота: belapan.com, ptushki.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі