КДБ выставіў Віктару Бабарыку афіцыйнае абвінавачанне

КДБ выставіў Віктару Бабарыку афіцыйнае абвінавачанне

Следчае ўпраўленне КДБ скончыла расследаванне па "справе Белгазпрамбанка" і выставіла абвінавачанне яго топ-менеджарам, паведамляе прэс-служба КДБ.

Экс-старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка названы "арганізатарам злачыннай дзейнасці". Яго вінавацяць па двух артыкулых Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванне" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры).

Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралету выставілі абвінавачанне толькі ў атрыманні хабару арганізаваннай групай у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК).

Заснавальніка ТАА "Актыўлізінг" Віктара Кабяка вінавацяць у дачы хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 431 КК).

"Крымінальная справа прад'яўленая абвінавачаным і іх абаронцам для азнаямлення. Усе фігуранты цалкам прызналі сваю віну ў інкрымінаваных ім злачынствах, за выключэннем В. Бабарыкі", — адзначае прэс-служба КДБ.

Праблемы ў Віктара Бабарыкі пачаліся пасля ягонай заявы пра вылучэнне на прэзідэнцкія выбары. Разам з сынам Эдуардам яго затрымалі 18 чэрвеня, і з таго часу яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Справу Бабарыкі расследавалі Дэпартамент фінансавай разведкі Камітэта дзяржкантролю (ДФР КДК) і КДБ. За час расследавання справы старшыня КДК Іван Тэртэль стаў старшынёй КДБ. 

Бабарыку падазравалі ў адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам, ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, у даванні хабару паўторна або ў асабліва буйным памеры. У выніку падазрэнне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў было знятае. 

У "Белгазпрамбанку" адбыліся ператрусы, частка супрацоўнікаў была затрыманая. Кіраўніцай банка дзяржава прызначыла Надзею Ермакову. Пра Бабарыку і "справу Белгазпрамбанка" выйшла некалькі тэлесюжэтаў на беларускіх тэлеканалах: у сюжэтах выкарыстоўваліся аператыўныя здымкі допытаў. 

Праваабаронцы прызналі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі