КДБ: Юрый Чыж затрыманы за ўхіленне ад уплаты падаткаў
Уладальнік групы кампаніяў “Трайпл” Юрый Чыж затрыманы супрацоўнікамі КДБ па падазрэнні ва ўхіленні ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітрый Пабяржын.
Разам з Чыжом затрыманы яшчэ шэраг асобаў, падазраваных у здзяйсненні і саўдзеле ў гэтым злачынстве, сказаў прадстаўнік КДБ. Дзеянні бізнэсмена падпадаюць пад ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі “Ухіленне ад уплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю.
Асабліва буйным памерам лічыцца сума, якая ў 2500 разоў перавышае базавую велічыню — на сёння гэта 525 мільёнаў рублёў.
Усе затрыманыя на дадзены момант знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.
Пра затрыманне Чыжа і адабранні дакументаў з яго офіса стала вядома ўвечары 11 сакавіка. Прадстаўнікі ўладаў і сілавых структураў доўгі час не давалі на гэты конт ніякіх каментароў.
Юрый Чыж — адзін з самых вядомых беларускіх бізнесменаў. Ён быў у "чорным спісе" ЕС, як чалавек, які аказваў фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз кампанію "Трайпл". Апроч бізнесу, займаўся таксама падтрымкай спорту, у прыватнасці, займаў пасаду старшыні назіральнага савета футбольнага клуба “Дынама-Мінск”.