КДБ: Адзін з братоў Доўбашаў падчас тэракту быў у Беларусі

КДБ: Адзін з братоў Доўбашаў падчас тэракту быў у Беларусі

Камітэт дзяржбяспекі Беларусі абвяргае версію пра тое, што двое беларусаў удзельнічалі ў арганізацыі тэрактаў у Бруселі. Як паведаміў увечары 22 сакавіка ў тэлепраграме “Панарама” на канале “Беларусь 1” начальнік прэс-службы ведамства Дзмітрый Пабяржын, дакладна вядома, што на момант здзяйснення атак у Бруселі адзін з братоў Доўбашаў знаходзіўся ў Гомелі. Пра свой выезд у Беларусь Аляксей Доўбаш загадзя папярэдзіў бельгійскую паліцыю, а пасля здарэнняў у Бруселі папрасіў свайго брата Івана даць тлумачэнни антытэрарыстычным падраздзяленням.

Таксама ён паведаміў, што беларускія грамадзяне Іван і Аляксей Доўбашы, якіх згадвалі ў СМІ як імаверных удзельнікаў тэрактаў, адсочваюцца КДБ з 2014 года. З 2015 года праверка іх дзейнасці рабілася сумесна з ФСБ Расіі.

Паводле КДБ, спецслужбы абедзвюх краін не знайшлі ўстойлівай сувязі беларускіх братоў Доўбашаў з выхадцам з Расіі Маратам Юнусавым, якога ў СМІ таксама называюць імаверным удзельнікам тэрактаў у Бруселі. КДБ мае інфармацыю пра пяць візітаў Юнусава ў Беларусі. Апошнім разам ён быў тут у 2011 годзе і з тых часоў не выявіў устойлівай сувязі з братамі Доўбашамі.

Самі беларусы, з якімі ўдалося пагаварыць журналістам Еўрарадыё, таксама абверглі сваю датычнасць да тэрактаў. Іван Доўбаш, які прыняў імя Сулейман, кажа, што такія абвінавачанні пасыпаліся з 14 сакавіка. Па яго словах, браты нават звярталіся ў бельгійскую паліцыю, і там ім сказалі, што прэтэнзіяў не маюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі