Апублікаваныя новыя відэаматэрыялы па справе аб тэрактах у Бруселі (відэа)

Апублікаваныя новыя відэаматэрыялы па справе аб тэрактах у Бруселі (відэа)

Бельгійская пракуратура апублікавала новыя відэаматэрыялы, на якіх бачны адзін з падазраваных у арганізацыі выбухаў у Бруселі. Мужчына ў светлай куртцы, светла-блакітнай кашулі і ў капелюшы выходзіць з аэрапорту “Завентэм”, дзе адбыліся два выбухі.

Улады Бельгіі падазраюць, што ўдзельнікаў нападаў было чацвёра: трое смяротнікаў загінулі падчас выбухаў, адзін знаходзіцца ва ўцёках. Раней з’яўлялася відэа, на якім “чалавек у капелюшы” ідзе побач з двума смяротнікамі па зале аэрапорта, штурхаючы перад сабой вазок з багажом.

Мяркуецца, што гэты чалавек выйшаў з будынка аэрапорту пасля выбуху, а пасля змяніў вопратку. Ён хадзіў па Бруселі цягам дзвюх гадзінаў і за гэты час прайшоў каля 10 кіламетраў. Падазраваны трапляў у аб’ектывы камер назірання ў розных раёнах бельгійскай сталіцы, перадае ВВС.

Нагадаем, што 22 сакавіка раніцай у брусельскім аэрапорце “Завентэм” адбыўся двайны выбух. Таксама прыкладна ў той жа час тэракт зладзілі на станцыі метро “Маальбек”. Колькасць ахвяраў гэтых атак дасягнула 32 чалавек, яшчэ каля 300 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Адказнасць за тэракты ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка “Ісламская дзяржава”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі